Сучаснае чалавецтва не звыкла цаніць праблемы і цяжкасці, змаганне і ахвярнасць – яно скіравана на поспех. Гэтаксама апостал Пётр у сённяшнім Евангеллі вельмі блізкі да такога разумення жыцця.
Езус пачаў адкрываць сваім вучням, што Ён павінен ісці ў Ерузалем, і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: Пашкадуй сябе, Пане, няхай не здарыцца гэтага з Табою. Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае. Тады Езус сказаў вучням сваім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе увесь свет, а душы сваёй прынясе шкоду? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з Анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
У наш час рэчаіснасць цярпення і смерці часта абмінаюць, каб пра гэта нават не гаварыць. Падобна і захаванне Пятра ў сённяшнім Слове паказвае вобраз Бога, які ён сабе стварыў. Пасля слоў Езуса ў апостала ўсчаўся бунт. У сэрцы ён насіў Бога ў катэгорыі поспеху і моцы. Езус у гэтай сітуацыі ўбачыў правакацыю сатаны. Злы будзе спакушаць Езуса нават на крыжы, але Пан і тады крыжа не кінуў.
Хрыстус прыйшоў на зямлю з праграмай крыжа і такі ж план мае для кожнага чалавека. І гэта адзіны магчымы варыянт, які можа прывесці асобу да поўні чалавецтва, бо гэта праграма любові. Я не пачаў жыць, пакуль не палюбіў, а кожная любоў звязана з аддаваннем жыцця для кагосьці.
Навуку крыжа добра зразумеў св. Герард Маела, рэдэмптарыст. У яго разуменні ўзяць крыж – гэта глыбокае прагненне людскога сэрца, якое шчыра любіць і не можа знайсці сябе інакш, як толькі праз бескарыслівы дар самога сябе. Дэвіз жыцця гэтага святога просты: «Жыць – гэта любіць».
Ці сапраўды я хачу быць шчаслівым і ісці за Езусам, наследаваць Яго, беручы ўласны крыж, які часта не з'яўляецца лёгкім?
Пан Езус кажа: «Той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго».
Што абіраю я для свайго далейшага жыцця?
Добры Божа, я ўяўляю, як нялёгка ўзяць свой крыж, бо ён нават здаля здаецца вельмі цяжкім. Прашу Цябе, адары мяне сваёй моцай і надзеяй, каб, углядаючыся ў крыж Езуса Хрыста, я мог несці ўласны крыж і давяраць Табе кожны дзень свайго жыцця!
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR