Людзі схільныя да рэфлексіі над мінулым ці мараў пра будучыню, і часам забываюцца пра «сёння». Куды скіраваны мой позірк? Ці не занядбоўваю я сённяшні дзень?
Езус прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць. І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. Ён, разгарнуўшы кнігу, трапіў на месца, дзе было напісана:
Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным,
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана.
Закрыўшы кнігу, Ён аддаў яе слузе і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі. І ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных і казалі: Ці не сын Юзафа гэта? І Ён сказаў ім: Напэўна, скажаце мне такую прыказку: Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме. І сказаў: Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе кажу вам: шмат ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было замкнёным тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпту Сідонскую. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана сірыйца. Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў.
Сёння Пан Езус чытае Святое Пісанне, і ў гэтым няма нічога надзвычайнага. Але Яго каментарый да слоў прарока Ісаі – «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання» – падказвае два моманты. Па-першае, Езус, які нясе Добрую Навіну, з'яўляецца спаўненнем абяцанняў Бога адносна Ізраіля, а па-другое, гэта адбываецца тут і цяпер, менавіта сёння. Евангелле мусіць жыць і спаўняцца кожны дзень!
Слухачы Езуса гневаюцца і выганяюць Яго з храма, праз гэта адкідваюць і Ягоную навуку. Таму Ён адыходзіць і крочыць абвяшчаць Добрую Навіну тым, хто сапраўды прагне адкрыцца на яе.
Святы Альфонс Лігуоры, Доктар Касцёла, усё сваё жыццё слухаў Божае слова, шукаў волі Божай і разумеў сваё пакліканне як абвяшчэнне Добрай Навіны людзям убогім. Таму ён заснаваў супольнасць рэдэмптарыстаў, каб несці Евангелле ўсім людзям. Ён казаў: «Хто слухае Бога і моліцца, той будзе збаўлены».
Ці штодня я чытаю Біблію? Ці хачу праз Яе пачуць голас Пана і пайсці за Ім?
Як я прымаю скіраванае да мяне слова Езуса? Можа, яно замінае і я не хачу жыць згодна з ім, каб не было патрэбы штосьці мяняць?..
Божа, яшчэ старазапаветныя прарокі прапаведавалі Тваё Слова Жыцця. Прашу Цябе, напоўні маё сэрца Добрай Навіной, якую прынёс Езус Хрыстус. Дапамажы шчыра паверыць у Яго словы і жыць сённяшнім днём у поўным даверы да Цябе.
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR