Атрыманае мною запрашэнне ад Бога і прыняцце яго яшчэ не гарантуе майго збаўлення. Як і ўсе, я запрошаны на гэтае свята, але стаць выбраным змагу толькі тады, калі свядома, у праўдзе прыму гэты дар.
Езус зноў расказаў ім прыпавесць: «Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль,
увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў
вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
Гэтая прыпавесць раскрывае змест папярэдняй, дзе гаварылася, што адзін і той жа лёс чакае кожнага, хто спатыкнецца аб адкінуты камень – Хрыста. Для нас гэта заклік да асабістай адказнасці: прыналежнасць да Касцёла толькі праз хрост можа нічога не значыць. Я павінен вучыцца не проста вызнаваць веру словамі, але сапраўды жыць ёю. Заўсёды адказваць Богу «так» і не шукаць для сябе ніякіх апраўданняў.
Кожны хрысціянін – гэта ўдзельнік вяселля свайго Пана. У гэтым свяце бачым Эўхарыстыю. Адказаць на заклік – гэта не проста прыйсці ў касцёл, пастаяць і паслухаць. Гэта перш за ўсё прыняць Святую Камунію. Прыняць годна, з чыстым сэрцам. Бог запрашае мяне быць не гледачом, але ўдзельнікам Яго свята.
Калі апошні раз я быў на святой Імшы? Які мой удзел у гэтай Ахвяры Хрыста? Ці заўсёды годна я прыступаю да Божага алтара?
Ці не шукаю я апраўданняў сваёй адсутнасці ў касцёле?
Божая праўда – гэта люстэрка, у якім мы хочам убачыць сябе. Бог зрабіў для нас усё – аддаў свайго Сына дзеля нашага збаўлення. Найбліжэй да Бога мы тады, калі прымаем гэты дар у Камуніі. Варта заўсёды адчуваць сябе не проста пакліканым, але выбраным і актыўным удзельнікам Эўхарыстыі. Таму я не павінен марнаваць часу, каб быць блізка да Бога, бо час кароткі.
кс. Андрэй Лысы