Сённяшняя прыпавесць карэнным чынам змяняе логіку патрабаванняў. Мы не можам быць крэдыторамі Бога, Яго дару ласкі. У Божым Валадарстве і ў Касцёле ёсць месца для кожнага, і для мяне таксама.
У той час Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:
Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой. Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае. Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік. Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі.
Вінаграднік у прыпавесці – гэта Божы народ, які пакліканы прыносіць плёны Валадарства. Гэтымі плёнамі з'яўляецца дзейсная любоў да Бога і да бліжніх. Пан бесперапынна выходзіць насустрач і запрашае мяне да супрацоўніцтва на шляху да неба. Гэты «цэлы дзень» з прыпавесці – мая асабістая гісторыя, дзе я павінен пільна слухаць Божы голас і прымаць Яго запрашэнне, каб прынесці добры плён збаўлення.
Гэтая прыпавесць не парушае справядлівасці, бо першыя работнікі атрымалі тое, пра што дамаўляліся. Яна адкрывае мне бязмежную дабрыню Бога, для якога кожны чалавек – каштоўны. Вечнае жыццё – гэта ўзнагарода, аднолькавая для ўсіх, хто адгукаецца на Божае запрашэнне.
Ці знайшоў я сваё месца ў Касцёле? Ці прыкладаю дастаткова намаганняў, каб верна выконваць сваё пакліканне?
А можа, я зайздрошчу іншым, каго Бог надзяляе ласкаю? Ці не стаўлюся да іншых хрысціянаў як да канкурэнтаў, якія нібыта хочуць адабраць у мяне нешта Божае? Ці дапамагаю я бліжнім на іх шляху да неба?
Езус аб’яўляе мне любоў Айца: Бог добры да ўсіх, нават да тых, хто па-чалавечы не заслугоўвае Яго дабрыні. Калі я чакаю збаўлення толькі як плёну сваіх рэлігійных намаганняў, то яшчэ не зразумеў Божай логікі. Збаўленне – гэта дар, які мне трэба проста прыняць. Хрысціянін, які разумее гэту логіку, заўсёды гатовы дапамагчы іншаму на шляху да неба. І гэта найлепшы плён нашага трывання ў Хрысце.
кс. Андрэй Лысы