Бог запрашае ўсіх людзей да ўдзелу ў сваім Валадарстве. Запрашэнне трывае ўсю гісторыю збаўлення, мае свае этапы і дынаміку. Бог нікога не змушае, але кожнаму дае свабоду адказаць на яго.
Езус зноў расказаў ім прыпавесць: «Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
Евангеліст Мацвей падкрэслівае, што на пачатку заклік да збаўлення быў скіраваны да габрэйскага народу. Але, як паказала гісторыя, яны адкінулі прарокаў і Божых пасланцаў і з пагардай паставіліся ад Божых планаў. Тым самым яны сталі нягоднымі для Божага Валадарства. Бог працягвае клікаць усіх людзей незалежна ад паходжання, бо такая Ягоная воля: даць збаўленне кожнаму, хто паверыць у Хрыста.
Дар збаўлення і запрашэнне ў Валадарства – гэта асаблівы прывілей, да якога варта ставіцца з павагай. Вясельная вопратка – гэта біблійны вобраз нашай душы, якая гатова прыняць Божую ласку і супрацоўнічаць з ёю. Пакліканы кожны, але абраным становіцца толькі той, хто сам захоча сказаць Пану «так».
Ці гатовы я прыняць Божае запрашэнне да ўдзелу ў Нябесным Валадарстве? Ці адчуваю сваё пакліканне да неба?
Што стрымлівае мой адказ на Божае запрашэнне да святасці? Ці падмацоўваю канкрэтнымі ўчынкамі свае шчырыя жаданні ў развіцці хрысціянскага жыцця?
Добры Божа, адкрый вушы майго сэрца, каб я заўсёды чуў голас Твайго запрашэння да нябеснай гасціны. Не дазволь штодзённым клопатам жыцця зрабіць мяне нявартым гэтай бязмежнай любові. Натхні маю волю на імклівае і канкрэтнае супрацоўніцтва з Тваёй ласкай дзеля збаўлення свайго і тых, каго Ты пасылаеш мне на шляху.
кс. Андрэй Лысы