Сёння Евангелле прапануе мне паразважаць над тым, што я лічу сваім багаццем. У чым яно заключаецца? У тым, што маю, ці ў тым, кім з'яўляюся?
Да Езуса падышоў адзін чалавек і сказаў: Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае? Ён адказаў яму: Чаму пытаешся ў мяне пра дабро? Адзін ёсць Добры! Калі хочаш увайсці ў жыццё вечнае, захоўвай запаведзі. Той кажа Яму: Якія? Езус адказаў: Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе. Юнак кажа Яму: Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне? Езус кажа яму: Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай бедным, і здабудзеш скарб у нябёсах; і прыходзь ісці за Мною. Пачуўшы сказанае, юнак адышоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасць.
Пытанне пра дабро – гэта старт у пошуках шляху да вечнага жыцця. Бог называе вельмі канкрэтны спосаб: захоўваць запаведзі. Не жыць так, як надумаецца, але даверыцца Божаму Провіду і Божай логіцы запаведзяў. Слухаць Езуса і ўвайсці з Ім у адносіны глыбокага даверу. Ісці за Ім. Сама пакора гэтаму закліку ўчыніць мяне дасканалым. Але ці адважуся прадаць і раздаць тое, што маю?..
Езус вядзе чалавека да рэлігійнасці даверу, а не толькі да фармальнай паслухмянасці закону. Галоўная мэта – жыццё вечнае – здабываецца не столькі ўласнымі высілкамі, колькі актамі даверу Богу. Вельмі часта гэта звязана з ахвярай і адрачэннем ад таго, што дае нам пачуццё пэўнасці ў гэтым свеце.
Ці не з’яўляюцца матэрыяльныя даброты перашкодай для таго, каб больш любіць Бога і бліжняга? Ці не раблю я з іх ідала, якому падпарадкоўваю сваю волю і намаганні?
Ці дбаю пра тое, каб рупліва захоўваць Божыя запаведзі? Як часта раблю рахунак сумлення?
Езу, дапамажы мне адчуваць радасць у следаванні за Табой, каб нашае спатканне не прывяло да смутку і расчаравання. Вядзі мяне да вечнага жыцця і вучы па-сапраўднаму давяраць Табе. Адары ахвярнасцю, бо ўсё, што маю і кім з’яўляюся, – гэта дар Тваёй бязмежнай ласкі. Напоўні маё сэрца імкненнем ісці да дасканаласці, а значыць, да поўні любові ў вечным шчасці.
кс. Андрэй Лысы