Сённяшні ўрывак Божага Слова паказвае нам слабую веру вучняў і бязвер'е суайчыннікаў Езуса з Назарэта. У чарговы раз Хрыстос кажа пра моц сапраўднай веры і чыніць цуд.
Езус выйшаў і скіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось жанчына з Ханаана выйшла з тых ваколіц і пачала крычаць: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Мая дачка цяжка апантаная злым духам. Але Езус не адказаў ёй ні слова. Тады вучні Ягоныя падышлі і прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля. Яна ж падышла, пакланілася Яму і сказала: Пане, дапамажы мне. Ён сказаў у адказ: Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. Тады Езус сказаў ёй у адказ: О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту яе дачка стала здаровай.
Жанчына з Евангелля з'яўляецца вобразам Касцёла, які выходзіць з паганства і ўдзельнічае ў абяцанні Абрагама. Вера дзейнічае на адлегласці, нават тады, калі побач няма Езуса. У такім становішчы знаходзімся цяпер і мы. Божая моц дзейнічае найперш у тых, хто першым убачыў і паверыў, але таксама і ў тых, хто не бачыў, а паверыў. Менавіта вера дае прыступіць да хлеба жыцця ўсім, хто давярае Богу.
Існая вера адкрывае свабодны шлях для Божага дзеяння. Яна пераўзыходзіць усе культурныя і рэлігійныя бар'еры. Сам Бог дзейнічае з неба, каб перамагчы сумненні і страх першых хрысціянаў адносна язычнікаў. Божае збаўленне скіраванае да ўсіх людзей добрай волі, якія з верай і пакорай шукаюць паратунку.
Размова Езуса і жанчыны датычыць хлеба для дзяцей і таго, каму ён належыць. Мацвей піша гэтае Евангелле да хрысціян-габрэяў, каб адкрыць іх сэрцы на місійную дзейнасць. Таксама нейкім чынам хоча ўзбудзіць зайздрасць тых дзяцей, якія яшчэ не прынялі гэты хлеб і ўзбудзіць іх да дзеяння.
Як стаўлюся да людзей іншай веры? Ці не шкадую для іх ласкі Божай?
Ці не патрабую ад Бога нейкіх звышнатуральных знакаў, цудаў і доказаў? На чым грунтуюцца мае стасункі з Богам?
Божа, дзякую Табе за дар веры і запрашэнне дзяліцца ім з іншымі, прыводзіць у Касцёл тых, хто яшчэ далёка ад Цябе. Умацуй маё сэрца, каб я мог годна сведчыць пра Цябе і Тваю любоў усім сваім жыццём і рупліва выконваў місію абвяшчэння Добрай Навіны.
кс. Андрэй Лысы