Калі чалавек усцешаны, адчувае радасць і весялосць, то яму хочацца спяваць. Сённяшняе Божае слова паказвае спеў хвалы таго, хто распазнаў дзеянне Бога ў сваім жыцці і шчаслівы па-сапраўднаму.
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам. У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў, і вярнулася ў дом свой.
Спеў Марыі, якім Касцёл штодня заканчвае вечаровыя Нешпары, змяшчае ў сабе ўсю гісторыю збаўлення. У ім сабраныя спасылкі на розныя біблійныя падзеі і апісана дзеянне Бога ў жыцці чалавека. У першай частцы Марыя дзякуе за тое, што Бог учыніў асабіста ёй. Другая ж частка распасцірае перажытае Марыяй на ўсё чалавецтва. Марыя – гэта самы спелы плён веры, які Бог абраў дзеля спаўнення плану збаўлення.
Марыя называе сябе «слугою», кажа пра ўласнае прыніжэнне. Яе пакора з’яўляецца не толькі цнотай, але праўдай пра чалавека, які ёсць прахам і ў прах вернецца. Марыя вызнае гэтую праўду і праз яе прыняцце дазваляе Богу ўчыніць ёй вялікае. Бог даў Марыі найбольшы дар – Езуса, а праз яе адарыў і нас.
Ці праслаўляю Бога сваімі вуснамі і жыццём? Як часта дзякую падчас малітвы?
Калі з вераю зірну на сваю гісторыю, то змагу ўбачыць, як шмат дабра Бог для мяне ўчыніў. Наколькі я давяраю Богу і запрашаю Яго ў сваё жыццё, каб Ён мог чыніць у ім вялікія справы?
Божа, услухоўваючыся сёння ў гэты спеў хвалы з вуснаў Марыі, хачу падзякаваць Табе за ўсё, што Ты мне ўчыніў. Прагну поўніцца Тваёй ласкай і любоўю так, як Марыя, і заўсёды быць гатовым прыняць Твой заклік да святасці, каб бесперастанна праслаўляць Цябе тут, на зямлі, і ў нябеснай хвале.
кс. Андрэй Лысы