«Створца спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай». У першапачатковай задуме стварэння мы бачым еднасць дваіх як вобраз і падабенства Божае. Сужэнская еднасць – гэта непадзельная повязь любові.
Падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, пыталіся: Ці дазволена чалавеку з усялякай прычыны разводзіцца з жонкаю сваёю? Ён сказаў ім у адказ: Хіба не чыталі вы, што Створца спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай. І сказаў: Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і абое стануць адным целам. Таму яны ўжо не двое, але адно цела. Таму няхай чалавек не раздзяляе таго, што злучыў Бог. Тады яны сказалі Яму: Чаму ж Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе. Езус сказаў ім: Майсей з-за ўпартасці вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было. А Я кажу вам: Хто развядзецца з жонкаю сваёю не з-за распусты і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць. Сказалі Яму вучні Ягоныя: Калі такія адносіны чалавека з жонкаю, то лепш не жаніцца. Ён сказаў ім: Не ўсе могуць прыняць гэтае слова, але тыя, каму дадзена. Бо ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа прыняць гэта, няхай прымае.
У сённяшнім Евангеллі гаворка ідзе пра чалавечую палавую спеласць. Яна служыць не толькі для працягу роду, як у жывёлаў, і не з'яўляецца нейкім інстынктам, з наталеннем якога злучаная асалода. Гэта асаблівае асяроддзе, дзе вольны чалавек спаўняецца ў адносінах любові і ўзаемнай прыналежнасці. Так адна асоба пачынае належыць другой і іх каханне становіцца крыніцай новага жыцця.
Навука Езуса аб непарыўнасці сужэнскай вернасці – гэта не фармальнае права, але сапраўднае Евангелле. Езус збаўляе і ў корані аздараўляе нашую хваробу, якой з'яўляецца эгаістычная закрытасць у сабе. Сумленню сужонкаў патрэбна грунтоўная фармацыя, каб гэтую праўду прыняць і ёй жыць.
Ніякае абмежаванне не можа ўтрымаць адзінства. Толькі падмацаваная шчырай любоўю свабода здольная прыняць цяжкасці жыцця і выканаць першапачатковую задуму Бога. Усе праблемы ў стасунках між сужэнцамі варта аддаць у рукі Пана, каб Ён ператварыў сям'ю ў месца прабачэння і паяднання.
Ці прымаю я навуку Хрыста аб сужэнскай вернасці і непарыўнасці гэтай повязі? Калі маю сям’ю, то як клапачуся пра тое, каб маё сужэнства было больш трывалым і абапіралася на Бога?
З іншага боку, Езус кажа таксама пра бясшлюбнасць як шлях да святасці. Як я стаўлюся да гэтай ідэі?
Божа, дапамажы мне заўжды дбайна выконваць Твае наказы і памятаць пра прыгажосць Тваіх намераў. Вучы мяне заўсёды ісці Тваім шляхам і сведчыць пра Тваю любоў і самому, і ў сужэнстве.
кс. Андрэй Лысы