Езус вучыць любіць адно аднаго такой любоўю, якой Ён сам палюбіў нас. Менавіта гэта, а не стаўленне чалавека да мяне, мусіць быць падмуркам маіх адносін да іншага.
Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў? Езус адказвае яму: Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў. Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу. Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму. Сказаўшы гэтыя словы, Езус пакінуў Галілею і прыбыў у межы Юдэі, на другі бок Ярдану.
Справядлівасць Божая, якая вядзе нас да Валадарства, – гэта не роўнасць паводле прынцыпу «хто памыліўся, той заплаціць». Гэта найвышэйшая справядлівасць, уласцівая толькі таму, хто любіць па-сапраўднаму. Ворагу адказвае жаданнем еднасці, найменшага прымае, шукае таго, хто заблукаў, дапамагае паўстаць з граху, даўжніку шчыра даруе. Такая бязмежная Божая міласэрнасць: дар і прабачэнне.
Езус вучыць і нас такой справядлівасці. Як Божыя дзеці, мы пакліканыя ставіцца да сваіх братоў і сясцёр з прабачэннем. Толькі так мы дарастаем да дасканаласці Нябеснага Айца. Мае злыя ўчынкі дазваляюць мне адчуць міласэрнасць Пана, а зло, з якім сутыкаюся праз іншых, дае мне нагоду быць міласэрным.
Ці разумею я, што сапраўды прабачыць іншаму магу толькі тады, калі прабачу самому сабе? Ці не нашу ў сэрцы якой-небудзь крыўды? Можа, час з ёй развітацца?
Як часта я спавядаюся? Ці прыступаю да споведзі як да трону ласкі і міласэрнасці?
Прабачэнне, якое я атрымліваю і якое сам удзяляю, з'яўляецца подыхам Бога. Гэта сэрца хрысціянскага жыцця: яно чыніць мяне сапраўдным дзіцём Айца і жывіць супольнасць Касцёла. Божа, навучы мяне любіць без перадузятасці і чаканняў. Зрабі маё сэрца хуткім да прабачэння, каб я з радасцю яднаўся з бліжнім і штодня ішоў шляхам Тваёй міласэрнасці.
кс. Андрэй Лысы