Праўда спаўняецца ў любові, але любоў заўсёды злучаная з праўдай. Толькі любоў мусіць быць на першым месцы і шукаць таго, хто загінуў у граху, каб асвяціць яго праўдай дзеля збаўлення.
Езус сказаў сваім вучням: Калі саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці дваіх, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы касцёлу, а калі і касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: усё, што вы звяжаце на зямлі, будзе звязана ў небе, і ўсё, што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе. Зноў жа, сапраўды, кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх.
Ёсць адзін канкрэтны спосаб, каб выратаваць таго, хто заблукаў праз грэх. Братэрскі напамін – гэта найбольшая праява міласэрнасці, якую можам аказаць бліжняму. Ён неабходны, каб нашае сумеснае быццё паляпшалася. Абурэнне або папрокі зазвычай толькі пагаршаюць сітуацыю і вядуць да далейшых грахоў, а далікатная размова якраз выказвае клопат пра бліжняга і можа дапамагчы ў змаганні са злом.
Трэба скарыстаць усе магчымыя шляхі, каб давесці заблуканага чалавека да дому Айца. Пачаць варта сам на сам, пры патрэбе – з дапамогай іншага, калі і гэтыя высілкі не прынясуць плёну, то можна звярнуцца да супольнасці. Можа, менавіта супольная малітва стане лякарствам любові для занядбанай душы.
Ці не з’яўляюся я абыякавым да грахоў бліжніх, ці не спрыяю сам іх грэшнаму жыццю?
Калі здзяйсняю братэрскі напамін, ці запрашаю Святога Духа, каб кіраваў мной падчас няпростай размовы? Ці памятаю, што не самасцвярджэнне або зласлівасць, а любоў мусіць быць перадусім?
Хрысціянская супольнасць становіцца духоўна спелай толькі тады, калі вучыцца з любоўю накіроўваць слабых. Касцёл атрымаў гэтую ўладу ад Хрыста, таму варта ўжываць яе так, як гэта рабіў Пан. Божа, вучы мне знаходзіць патрэбныя словы, каб падтрымліваць і дапамагаць тым, хто патрабуе братэрскай рукі, каб прыйсці да Твайго міласэрнага аблічча.
Андрэй