Хрысціянская супольнасць складаецца не з ідэальных, узорных людзей, а з самых звычайных, маленькіх і часта заблуканых, з грэшнікаў і з тых, хто атрымаў прабачэнне і сам вучыцца прабачаць.
У тую гадзіну падышлі вучні да Езуса, кажучы: «Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным?» Тады Езус паклікаў дзіця, паставіў яго сярод іх і сказаў: «Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму той, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах. Як вы думаеце? Калі ў нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала? Калі ж удасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі. Так няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з тых малых.
Евангелле вучыць, як нам, вернікам, быць разам. Касцёл яднае не дасканалая згода, але любоў, якую мы пастаянна атрымліваем ад Бога праз прабачэнне. Мэтай хрысціянскай супольнасці з'яўляецца аб'яўленне ўсяму свету праўды, што Бог – гэта міласэрны Айцец, мы – Яго любыя дзеці, пра якіх Ён заўсёды клапоціцца, а Езус Хрыстус – Сын, які ажыўляе сваіх братоў любоўю Айца.
У супольнасць будавання Божага Валадарства ўключаецца і неба. З аднаго боку – Айцец, Сын і Дух Святы разам з анёламі і святымі, з другога – зямныя людзі, такія, якія ёсць. Так Касцёл становіцца аб’яўленнем і месцам дзеяння Божай міласэрнасці.
Ці не здараецца мне часам адчуваць сябе нявартым Божага Валадарства праз свае слабасці і грахі? Ці веру я ў моц міласэрнасці, якая ўсё прабачае?
Якім чынам я стаўлюся да братоў і сясцёр, якія зграшылі? Ці не ўзвышаюся над імі, не ганаруся ўласнай праведнасцю? Ці, можа, стараюся часцей маліцца за іх?
У цэнтры супольнасці Касцёла знаходзіцца Хрыстус, які стаў слугою для ўсіх, першым сярод найменшых. Укрыжаваны Пан аб’яўляе моц і веліч Божага прабачэння кожнаму, хто Яго прымае. Пане, прагну штодня паўставаць са смерці граху да жыцця ў паўнаце Божай любові. Няхай сярод нас прамянее хвала Тваёй міласэрнасці – лагоднаму абліччу любячага Айца.
кс. Андрэй Лысы