Здаецца, зусім нядаўна натоўпы віталі Хрыста ў Ерузалеме галінкамі пальмаў. Увесь свет ідзе за Ім і да Яго. Але блізіцца час крыжа, на якім Езус пакажа сябе ўсім нам.
Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.
Евангелле абвяшчае сутнасць жыцця, смерці і ўваскрасення Хрыста – гэта любоў да кожнага чалавека. Слова запрашае паглыбіцца ў логіку пшанічнага зерня, якое дасць плён толькі калі памрэ. А яшчэ яно вучыць, якім чынам мне любіць і наследаваць Хрыста: «паміраць» дзеля іншых у служэнні, ахвяры, цярплівасці. Паміраючы, зерне прыносіць плён: аддае сваё жыццё, але становіцца крыніцай жыцця для іншых.
Езус кажа, што надыходзіць Яго гадзіна – набліжаецца час пшанічнага зерня. У святога Яна зернем з'яўляецца сам Хрыстус: Айцец пасеяў Яго на раллю свету дзеля збаўлення тых, хто захоча прыняць плён. Слова, якое сталася целам, каб я меў паўнату жыцця ў Богу.
Ці часта ў мяне атрымліваецца маліцца перад крыжам? Калі я апошні раз дзякаваў Езусу за плён Яго смерці і ўваскрасення?
Ці з’яўляецца любоў маім жыццёвым выбарам і шляхам? Можа, часам адкідаю праўду пра тое, што сапраўдная любоў патрабуе часу, высілкаў і «памірання»?
Я пакліканы ў свет, каб пазнаваць і крочыць шляхам, які паказаў Хрыстус. І гэтае пазнанне мусіць быць не столькі верагоднай тэорыяй, але жыццём, у якім любоў штодня знаходзіцца ў цэнтры. Езу, вучы мяне любіць так, як Ты палюбіў людзей – любіць заўжды, насуперак усяму.
кс. Андрэй Лысы