Сёння Евангелле нагадвае нам пра боязь і адвагу, пра тое, што перад Богам заўсёды трэба быць сабою і паказваць Яму свае страхі і слабасці. Езус сваёй прысутнасцю і словам дапамагае ўсё пераадолець.
Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін. Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся. Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!
Вобраз вучняў у чоўне, якіх супраціўны вецер кідае ў хвалях дзесьці далёка ад берага, – гэта вобраз Касцёла і адначасова кожнага з нас у сітуацыі самоты і безнадзейнасці. Трэба даплыць да «берага вечнасці» – пражыць жыццё і дасягнуць збаўлення. Злы дух перашкаджае гэтаму праз спакусы, розныя цяжкасці і выпрабаванні. Але ва ўсім гэтым нас ніколі не пакідае Хрыстус. Ён заўсёды побач.
Езус звяртаецца да мяне: «Ідзі! Не стой на месцы, не наракай, не бойся! Проста даверся Мне». Калі Пана трымаю перад вачыма, а ў сэрцы чую Яго словы, то ўздымаюся па-над усім, што прагне мяне паглынуць: па-над грахом, страхам, няшчасцем. Толькі Бог можа супакоіць буры майго жыцця.
Ці хапае мне адвагі запрасіць Хрыста ў свае перажыванні? Ці дастаткова я Яму давяраю?
У складаных сітуацыях Бог прамаўляе да мяне, але ці слухаю, ці чую Яго? Ці магу зараз узгадаць, колькі разоў Ён ужо дапамог мне?
Езу, дай мне смеласці даверыцца Табе, адпусціць кантроль і аддаць усё ў Твае рукі. Навучы мяне ўслухоўвацца ў Тваё Слова і адважна крочыць за ім, перамагаючы ўласныя страхі.
кс. Андрэй Лысы