У шматлікіх месцах Евангелля Езус кажа, што сапраўдная вера надзяляе чалавека ўладай здзяйсняць немагчымае. Сённяшні ўрывак пацвярджае гэтую думку.
Падышоў да Езуса пэўны чалавек і, упаўшы перад Ім на калені, сказаў: Пане, злітуйся над маім сынам. Ён эпілептык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта ў ваду. Я прыводзіў яго да тваіх вучняў, але яны не маглі вылечыць яго. У адказ Езус сказаў: О нявернае і вераломнае пакаленне, дакуль Я буду з вамі? Дакуль Я буду цярпець вас? Прынясіце яго да Мяне. І загадаў яму Езус, і выйшаў з яго нячысты дух, і ад гэтай гадзіны хлопец стаў здаровым. Тады сам-насам падышлі да Езуса вучні ягоныя і сказалі: Чаму нам не ўдалося выгнаць яго? Ён сказаў ім: З-за малой веры вашай. Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: перасунься адсюль сюды, — яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага.
Гэты фрагмент адказвае на пытанне Касцёла пасля ўваскрасенння Пана: як далей павінна выконвацца місія Хрыста, калі Ён сам адыйшоў да Айца? Дзейнасць Езуса працягваюць браты, якія з вераю слухаюць Яго Слова і паўтараюць Яго ўчынкі. Толькі той, хто верыць, перамагае зло. Менавіта вера дае магчымасць адчуць і перажыць рэальную прысутнасць Хрыста, асабліва ў цяжкіх выпрабаваннях.
Вучні, якім Езус даў моц апанаваць зло, не справіліся з гэтай задачай. Чаму так здарылася? Прычына ў малой веры. Божае слова навучае, што варта заўжды дзейнічаць з верай і клапаціцца пра яе ўзрошчванне, каб у сутыкненні са злом яна не зламалася, а працягвала гартавацца.
Ці здаралася такое, што я паддаваўся дзеянню зла без аніякай барацьбы? Ці звяртаўся тады да Езуса, які перамагае любое зло?
Ці часта прашу ў Бога, каб Ён памнажаў маю веру і вернасць?
Сёння я бачу сябе і ў айцу, і ў сыне з Евангелля. У сыне – бо часам не ведаю, як справіцца са злом, якое апанавала мяне. У айцу – бо прагну аздаравіць сына і з верай клічу Пана. Хрыстэ, толькі праз Цябе і з Табой магу перамагчы ўздзеянне зла на жыццё маё і маіх блізкіх. Прашу, умацоўвай мяне ў гэтым штодзённым змаганні, падтрымлівай і заўсёды будзь побач.
кс. Андрэй Лысы