Які я вучань? Пан прыходзіць сёння навучыць мяне, што самае галоўнае ў жыцці чалавека – гэта не зямныя набыткі ці асабістыя дасягненні. Самае важнае – гэта той крыж, які я пакліканы несці.
Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе увесь свет, а жыццю свайму прынясе шкоду? Або што дасць чалавек узамен за жыццё сваё? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з Анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто стаіць тут, не скаштуюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, які ідзе ў Валадарстве сваім.
Крыж з’яўляецца неад’емнай часткай чалавечага жыцця. Езус хоча паказаць мне, што немагчыма ісці за Ім, калі я не вазьму свой крыж, не абдыму яго і не буду ахвяраваць сабою, падобна Пану на Галгоце. Пры гэтым сіла майго крыжа вымяраецца не знешнімі абставінамі, а станам майго сэрца. Бо перад абліччам Бога няма вялікіх ці малых крыжоў – ёсць толькі вялікая ці малая любоў, з якой я гэты крыж нясу.
Углядаючыся ў сваё жыццё, я задаю сабе пытанне: што сёння з’яўляецца маім крыжам? Ці гляджу я на яго толькі як на цяжар і прыгнёт, ці, можа, бачу ў ім праяву любові, школу цярплівасці, шлях да святасці і дарогу да неба?
Ці ўдаецца мне хаця б у малым – у штодзённых дробязях і адносінах з бліжнімі – саступаць свайму эгаізму дзеля Хрыста? Якія зямныя прывязанасці ці клопаты найчасцей адцягваюць маю ўвагу ад гэтага ціхага, але вернага шляху любові?
Трэба прасіць у Езуса сілы, каб цярпліва несці свой крыж, а не перакладаць яго на плечы іншых. Важна памятаць, што я не адзін на гэтым шляху, Бог заўсёды побач. Мой асабісты крыж, якім бы цяжкім ён ні здаваўся, мае велізарную каштоўнасць у вачах Бога і не застанецца без Яго суцяшэння.
кс. Иван Асуляк