Бог прыняў чалавечае аблічча і прыйшоў у наш зямны свет. Але сёння Ён хоча, каб я разам з апосталамі ўзышоў за Ім на гару і ўбачыў Яго глыбінную сутнасць.
Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Пётр сказаў у адказ Езусу: Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі. Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: Устаньце і не бойцеся. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса. І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
Каб убачыць існую натуру Езуса, неабходна пайсці за Ім. Не заўсёды чалавек сам прагне паглыбіцца ў стасункі з Госпадам, і тады, як сёння, Хрыстос бярэ ініцыятыву ў свае рукі. Ён не хоча, каб я слепа ішоў за Ім, Яму насамрэч важна, каб я ўбачыў Яго такім, які Ён ёсць – у поўні Богам і Чалавекам.
Ува мне таксама ёсць часцінка Божага Духу, бо праз хрышчэнне я стаў любімым дзіцём Бога. Гэты дзіўны дар яднае мяне з Нябесным Айцом і ўводзіць у жыццё Святой Тройцы. Усё, што для гэтага патрэбна – вера ў Езуса Хрыста, адраджэнне ў Святым Духу, пакорнасць і жаданне выконваць волю Божую.
Ці гатовы я ўбачыць тое, што сёння хоча паказаць мне Хрыстос? Ці адчуваю я ў сабе Божую іскру, прыналежнасць да Пана?
Ці разумею я, што Езус сваім перамяненнем паказвае мне прыклад і заклікае да перамены ў Ім кожны дзень?
Езус перамяняецца на вачах сваіх вучняў. Такім жа чынам перамяняецца Ён і ў розных сітуацыях майго жыцця. Божа, адкрый маё сэрца, каб я змог прыняць і паверыць у цуд Твайго перамянення і з унутраным спакоем паўтарыць словы апостала Пятра: «Пане, добра мне тут быць».
кс. Иван Асуляк