Бог ёсць любоў, і любоў Ягоная бясконцая. Сапраўдная любоў не зважае на перашкоды, яе не стрымаць у вязніцы сэрца, сценах храма ці дзяржаўных межах.
Езус скіраваўся ў землі Тыру і Сідону. I вось жанчына ханаанэйская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апантаная дачка мая! Але Ён не адказаў ёй ні слова. I вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля. Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: Пане, памажы мне! Ён жа сказаў у адказ: Нядобра забраць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. Тады Езус сказаў ёй у адказ: О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту стала здаровай дачка яе.
Езус сустракае жанчыну з Ханаану і не ігнаруе яе просьбу. Ён хоча, каб яе зварот да Яго цалкам змяніў яе жыццё, бо плёнам сустрэчы чалавека з Богам з'яўляецца шчырая вера і глыбокае пераўтварэнне жыцця. Езус нібыта пацвярджае гэта словамі: «О, жанчына! Вялікая вера твая».
Нельга прыйсці да Бога, не паверыўшы ў Яго. Нельга стаць сведкам цудаў, калі не верыш у іх.
Святы Ян Боска казаў: «Не бойцеся, толькі верце, і вы ўбачыце цуды Божыя».
Усё маё жыццё – гэта вялікі цуд. Шмат што ў ім здаецца звычайным і невытлумачальным, але святыя вучаць, што менавіта «выпадак» можна лічыць другім іменем Бога.
Як я прыходжу да Бога, калі збіраюся нешта ў Яго папрасіць? Ці шчыра веру, што Ён чуе кожнае маё слова і ведае тое, чаго насамрэч прагне маё сэрца?
Ці заўважаю я «сляды» Пана ў сваім жыцці? Бо часта менавіта маленькія выпадковасці з'яўляюцца праявамі рукі Бога, які з любоўю клапоціцца пра сваіх дарагіх дзяцей.
Божа, Ты прыходзіш тады, калі захочаш, я не магу гэтага прадбачыць. Ты сам прызначаеш час і месца нашай сустрэчы. Прашу, дапамажы мне заўжды быць гатовым убачыць знак Тваёй прысутнасці, адчуць Тваю блізкасць і пачуць звернутае да сэрца слова.
кс. Иван Асуляк