Сёння Езус кліча мяне пайсці за Ім праз гарады і вёскі, скіравацца да адкінутых і няшчасных, каб падарыць ім жывую надзею.
Абходзіў Езус усе гарады і вёскі, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач. Убачыўшы натоўпы людзей, Ён злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра. Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё. І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
Варта звярнуць увагу на тое, што Бог, які сышоў з нябёсаў і прыняў чалавечае аблічча, сам шукае чалавека. Ён шукае мяне і хоча, каб, пераймаючы Яго, я таксама аказваў бліжняму міласэрнасць, любоў і клопат, каб стаў годным працаўніком Божага жніва.
Святасць не вымагае майго адмаўлення ад свету, але заклікае яго пераўтвараць праз руплівую працу і вернасць сваім абавязкам. Праца становіцца сапраўднай малітвай, калі выконваецца з любоўю і намерам служыць Богу і бліжнім.
Калі я апошні раз пільна ўглядаўся ў Езуса, у Ягоныя справы і спосабы дзеяння? Ці гатовы я стаць «рукамі» Бога ў гэтым свеце, дзе так патрэбныя любоў, клопат і дабрыня?
Ці маліўся я пра новых «работнікаў», пра новыя пакліканні да святарства і манаства? Ці прасіў Бога ўмацаваць веру тых, хто ўжо адгукнуўся на Ягоны заклік?
Пане, Ты ў бясконцай дабрыні паслаў у свет свайго Сына, каб я меў вечнае жыццё ў Ім і праз Яго. Ты прагнеш, каб кожны чалавек прыйшоў да Цябе па ратунак, ацаленне, навучанне. Прашу, Пане, удзялі мне сваё благаслаўленне, каб я здолеў дапамагчы хоць камусьці адкрыць Цябе як любячага Айца.
кс. Иван Асуляк