Езус прыходзіць у свет, каб падараваць чалавеку жыццё вечнае, але бачыць несправядлівасць, нянавісць, варожасць і злосць чалавечых сэрцаў і смуткуе з гэтай нагоды.
Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх. Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці. Яны ж кажуць яму: У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён сказаў: Прынясіце іх Мне сюды. Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні – народу. І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.
Бог ёсць любоў. Такі маленькі і просты сказ нясе ў сабе праўду аб тым, што людзі часта стараюцца знайсці і атрымаць любой цаной. Госпад шкадуе чалавека, ведаючы, што ўласнымі сіламі яму гэтага не дасягнуць. І таму Ён сам прыходзіць да людзей і тым самым дае надзею, дае жыццё. Бо Ён сам і з’яўляецца Жыццём.
Як Езус глядзіць на гэтых людзей, якія прыйшлі да Яго па дапамогу і слова… Яны вераць, што ўсемагутны Бог зможа ўвасобіць іх надзеі ў рэальнасць і не адрыне сваіх дзяцей. Ён паслаў свайго Сына, каб мы, каб я ў Ім меў жыццё вечнае, бо немагчыма прыйсці да Бога інакш, як толькі праз Хрыста.
Як я гляджу на свайго бліжняга? Ці прашу я Езуса, каб Ён навучыў мяне бачыць людзей Ягонымі вачыма?
Хрыстус звяртаецца да мяне: «Дай ім есці». Ён пасылае мяне несці Слова жыцця, якім сам і з’яўляецца. Ці чую гэта ў сваім сэрцы і ці паслухмяны я Езусу?
Божа, прашу Цябе, дазволь мне не толькі карыстацца Тваёй дабрынёй, але і дзяліцца ёю. Будзь са мною ў кожнае імгненне, каб я як Твой вучань мог раздаваць хлеб жыцця тым, хто мае патрэбу і шукае Цябе.
кс. Иван Асуляк