Сёння Евангелле запрашае мяне размясціцца сярод вучняў Хрыста, паслухаць Яго навучанне, убачыць, як Ён глядзіць на сабраны народ, і стаць сведкам цуду памнажэння хлябоў.
Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх. Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці. Яны ж кажуць яму: У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён сказаў: Прынясіце іх Мне сюды. Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні – народу. І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.
Людзі прыходзяць да Езуса з надзеяй на ацаленне і навучанне, на дабрыню і міласэрнасць. І Ён акружае іх сваёй любоўю і клопатам. Нягледзячы на душэўны боль з-за смерці Яна Хрысціцеля, Ён прыходзіць, каб служыць тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Хрыстос звяртаецца да сваіх вучняў, каб яны накармілі натоўпы галодных і прагнучых, але ежы зусім мала. Часам і я знаходжуся на месцы гэтых вучняў: здаецца, не маю асаблівых талентаў ці багаццяў, а Бог усё адно заклікае даверыць Яму і гэтую дробязь. І тады адбываецца цуд.
Калі я ўзіраюся ў сваё жыццё, ці не ўзнікае адчування, што ў мяне нічога няма: ні талентаў, ні ўменняў, якімі можна было б падзяліцца з бліжнім? А калі нешта ўсё ж ёсць, ці гатовы я даверыць гэта Богу, каб Ён з мяне ўчыніў цуд для іншых?
Ці ўдаецца мне заставацца моцным і не губляць даверу да Госпада, нягледзячы на ўсе няўдачы і слабасці?
Божа, хачу даверыць Табе ўсяго сябе, кожнае імгненне свайго жыцця. Я ведаю, што зусім малы і бяссільны, але веру, што ў Тваіх руках змагу зрабіць тое, пра што нават не адважваюся марыць. Прашу, навучы мяне належным чынам любіць людзей і служыць тым, да каго Ты мяне пасылаеш. Дай мужнасць быць тым, хто разносіць Твой хлеб, які спаталяе ўсялякі голад душы.
кс. Иван Асуляк