Сёння ў Евангеллі прадстаўлены дзве гісторыі: Ірада і Яна Хрысціцеля. Адна гісторыя пабудавана на пагардзе да жыцця іншага чалавека, другая – на высакароднасці.
Тэтрарх Ірад пачуў пагалоску пра Езуса і сказаў слугам сваім: Гэта Ян Хрысціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і пагэтаму цуды здзяйсняюцца ім. Ірад жа схапіў Яна, зняволіў яго і кінуў у вязніцу з-за Ірадыяды, жонкі ягонага брата Філіпа. Бо Ян казаў яму: Не дазволена табе мець яе. І хацеў забіць яго, але баяўся народа, які лічыў яго прарокам. Калі былі народзіны Ірада, дачка Ірадыяды танцавала перад сабранымі і спадабалася Іраду. Таму ён клятваю паабяцаў даць ёй усё, чаго толькі папросіць. І яна, падвучаная сваёю маці, сказала: Дай мне галаву Яна Хрысціцеля на місе. Кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў з ім за сталом, загадаў даць. І паслаў у вязніцу адсячы галаву Яну. І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, а яна занесла сваёй маці. Тады ягоныя вучні прыйшлі, забралі цела і пахавалі яго. Потым пайшлі расказаць Езусу.
Гісторыі мучанікаў паказваюць, што следаванне за верай можа каштаваць жыцця. І за такім гераічным учынкам часта стаяць штодзённыя выбары вернасці Богу. Перад такімі выбарамі рэгулярна стаю і я. Магчыма, як Ірад, я часцей клапачуся аб меркаванні іншых людзей, уласнай выгадзе і радзей давяраю Божаму Провіду і запаведзям. Ян быў верны Богу. Ён ведаў, што яго жыццё ў руках Госпада.
Святыя нагадваюць, што нават дробныя рашэнні ўплываюць на мае думкі і пачуцці, выражаюць маю любоў да Бога і бліжняга. А прыклад мучанікаў, сугучны з Хрыстовым, паказвае, якім адданым можа быць маё сэрца. Такі выбар немагчымы без любові, як любоў немагчымая без унутранай свабоды – Божых дароў.
Якімі крытэрыямі я кіруюся, здзяйсняючы выбары кожны дзень? Ці маю звычку звяртацца да Бога перад прыняццем рашэнняў, менш і больш важных?
Езус вучыць мяне ставіць Госпада на першае месца. Гэта значыць кіравацца дабрынёй і цярплівасцю ў адносінах з іншымі і самім сабой. Магу спытаць сябе: ці мая вера ў Бога працягваецца ў добрых справах?
Езу, прашу, дапамажы мне заўсёды імкнуцца рабіць добрыя выбары. Дай мужнасць ставіць Цябе на першае месца ў маім сэрцы, выбіраць канкрэтныя каштоўнасці і быць святлом для іншых. Навучы спадзявацца на Цябе. У Тваіх вачах я вялікі, бо з’яўляюся Тваім дзіцём.
кс. Иван Асуляк