Сёння магу падумаць аб тым, што ў маім жыцці цаню больш за ўсё. Чаму прысвячаю значную колькасць часу, увагі, матэрыяльных сродкаў.
Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле. Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.
Бог як любячы Айцец радуецца маім марам, мэтам і дасягненням. Ён з’яўляецца крыніцай добрага ўва мне і дае натхненне дзейнічаць. Таксама Бог прагне, каб я ішоў па жыцці, будуючы з Ім блізкую сувязь. Парадаксальна: чым больш я стараюся пазнаць Госпада, зразумець і адчуць Яго любоў праз малітву, інтэлектуальны высілак і другога чалавека, тым больш пазнаю сябе і тым больш свабоды маю ўнутры.
Варта памятаць, што Бог не хоча забіраць тое, што мне дорага. Ён жадае, каб усе часткі майго жыцця вялі да Яго, а значыць, прыносілі трывалыя і глыбокія радасць і супакой. Як прадчуванне прыбывання з Ім у Валадарстве Нябесным, дзе Бог вытра мае слёзы, дзе не будзе болю і смерці.
Якія вартасці ў мяне стаяць на першым месцы? Магу спытаць сябе: ці вядуць яны да жыцця з Богам тут, на зямлі, і да прабывання з Ім у вечнасці?
Часам я магу стаяць перад выбарам: трымацца за тое, што не прывядзе да блізкасці з Госпадам, альбо гэта адпусціць? Ці веру, што Бог здольны запоўніць пустэчы майго сэрца сваім клопатам і дабрынёй?
Мае адносіны з людзьмі патрабуюць даверу, каб існаваць і расці. Гэтак жа ў кантакце з Богам – патрэбны давер, што Ён любіць і што Яго любоў і вернасць мне нязменныя. Часам следаванне перакананням патрабуе рызыкі. Як купец рызыкнуў і прадаў усё дзеля «прыгожай пярліны», гэтак і мне неабходна разумець вартасць веры і адносін з Богам. А Ён першы выходзіць насустрач і хоча будаваць блізкасць са мной.
кс. Иван Асуляк