Хрыстос часта размаўляў са сваімі слухачамі праз прыпавесці. Ён ведаў, што гэта знаёмы для іх спосаб камунікацыі. Сёння і я чую ад Езуса прыпавесць.
Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае таксама да нерата, закінутага ў мора, што збірае рыбу ўсялякага кшталту. Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае сабралі ў посуд, а благое выкінулі вон. Так будзе пры сканчэнні свету: выйдуць Анёлы, і аддзеляць ад праведнікаў благіх, і кінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Езус спытаўся ў іх: Ці зразумелі вы ўсё гэта? Яны адказалі Яму: Так. Ён жа сказаў ім: Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое. Закончыўшы гэтыя прыпавесці, Езус пайшоў адтуль.
На пытанне Хрыста аб разуменні пачутага людзі адказалі сцвярджальна. Ведаю з Бібліі, што так было не заўсёды. Я таксама часам магу разумець, што Бог гаворыць мне, а часам не. У такія моманты варта прасіць Яго аб растлумачэнні і пытаць аб прычыне майго неразумення. Бог хоча, каб Яго словы заставаліся ў скарбніцы майго сэрца, прыносілі суцяшэнне, радасць і пралівалі святло на падзеі жыцця.
Госпаду важна гаварыць з намі пра сваё Слова. Ці маю я свае спосабы чытання і разумення Бібліі? Ці лічу патрэбным адкрываць Божае Слова кожны дзень?
Важна памятаць, што Бог хоча прамаўляць да майго сэрца, не чакаючы ад мяне дасканаласці. Ён прыходзіць як урач, не як суддзя. Ці веру я ў гэта? Якім я ўяўляю сабе Бога?
Евангелле не толькі апавядае аб тым, што адбывалася з Езусам і Яго вучнямі дзве тысячы гадоў таму. Праз яго Бог можа даваць мне адказы на пытанні аб маім жыцці цяпер і аб сённяшнім свеце.
Божа, прашу, адкрый маё сэрца і засейвай у ім тое, што лічыш патрэбным. Прыглядвай за ім і дапамагай мне разумець сябе і другіх. Ведаю, што без Тваёй ласкі і дапамогі не змагу рабіць добрае.
кс. Иван Асуляк