Сёння магу ўзгадаць сітуацыі, калі мне было цяжка маліцца. Падумаць пра прычыны такога стану.
Шмат хто з юдэяў прыйшоў да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе. Езус сказаў ёй: Уваскрэсне брат твой. Марта сказала Яму: Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень. Езус сказаў ёй: Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта? Яна адказала Яму: Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет.
Момантамі мне складана давяраць Богу і чакаць адказ на малітву. Так бывае. З-за цяжкасці нейкай сітуацыі ці болю я магу губляць перспектыву і не заўважаць іншых аспектаў штодзённасці. Бог ведае месца і час для таго, што хоча даць мне. Ён жадае найлепшага для мяне. Варта даверыцца Айцу і захоўваць малітоўны кантакт з Ім. Тады праз мяне і другі чалавек зможа ўбачыць дзеянне Бога.
Вернасць у любой справе патрабуе намаганняў. У адносінах з Богам таксама. Апостал Павел у пасланні да Габрэяў заахвочвае мяне «непахісна трымацца вызнання надзеі, бо верны той, хто абяцаў» (Гбр 10, 23). Бог заўсёды робіць першы крок у вернасці.
Я магу выказваць Госпаду неразуменне і задаваць пытанні. Ён успрымае ўсур’ёз мае думкі, пачуцці і гатовы ўступаць у дыялог, як з Мартай, якая выйшла насустрач Езусу. Вера ў адкрытасць і блізкасць Бога напаўняе супакоем, які мела Марыя. На рахунку сумлення варта спытаць сябе, ці ўспрымаю ўсур'ёз Бога я? Ці веру, што Ён гаворыць са мной?
Ці атрымліваецца ў мяне звяртацца да Бога, калі перажываю сум, боль і губляю надзею на лепшае? Ці ў складаных сітуацыях магу даць шчырае сведчанне надзеі?
Магчыма, у сённяшнім урыўку Евангелля нешта адгукаецца ўва мне – імя, дзеянне, дыялог ці іншае. Бог гаворыць са мной праз сваё Слова. Праз Слова Ён хоча адказваць на маю малітву, суцяшаць і накіроўваць.
Айцец, навучы давяраць Табе. Пакажы сваю прысутнасць і клопат, дапамажы памятаць пра іх у няпростых жыццёвых сітуацыях.
кс. Иван Асуляк