Сёння Езус запрашае да сваіх вучняў. Як аднаму з іх, хоча і мне растлумачыць сваю прыпавесць. Паразмаўляць са мной, дакрануцца да сэрца.
Калі Езус, адпусціўшы народ, увайшоў у дом, падышлі да Яго вучні Яго і сказалі: Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі. Ён жа сказаў ім у адказ: Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога; вораг, які пасеяў іх, — гэта злы дух; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта Анёлы. Таму, калі збіраюць каласоўнік, агнём паляць; так будзе пры сканчэнні гэтага свету. Пашле Сын Чалавечы Анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто робіць беззаконне. I ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у валадарстве Айца іх. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
Хрыстус і сёння з’яўляецца Сейбітам. Ён хоча сеяць добрае ў маёй душы, а таксама жадае, каб я стаў насеннем у Яго руках. Жадае «засяваць» мяне там, дзе жыву, вучуся і працую. Дробнае гарчычнае зерне вырастае вялізным дрэвам. Гэтак і мне не варта баяцца быць маленькім у вялікім свеце. Бог добры, і Ён хоча праяўляць сваю любоў і дабрыню да мяне і да іншых людзей, таксама і праз маё прыбыванне з імі.
Разам з гэтым, варта памятаць, што Бог паважае маё права выбару. Я сам вырашаю, якому зерню месца ў маім сэрцы, што прарасце і дасць плён, а што не. Вырашаю праз штодзённыя думкі і дзеянні.
Св. Маці Тэрэза казала, што быць «добрым насеннем» значыць імкнуцца да святасці праз невялікія, штодзённыя акты любові і пакоры.
У маім жыцці адбываюцца розныя сітуацыі. Часам яны з’яўляюцца складаным наступствам маіх выбараў, іншым разам – вынікам паводзін другога чалавека. Важна прыходзіць да Езуса, як гэтп рабілі вучні, і прасіць, каб Ён навучыў, паказаў, накіраваў да добрага. Ці ўмею звяртацца па дапамогу і параду да Хрыста?
Бог бачыць маё сэрца і ўсё, што ў ім. Ён гатовы падтрымаць мяне ў няпростых выбарах. Ці я хачу паступаць як дзіця Бога, кіруючыся праўдай і дабрынёй?
Я магу бачыць жыццё як барацьбу, якая складаецца з выбараў. Ёсць у гэтым праўда. Таксама праўдай з’яўляецца тое, што Бог бясконца любячы і цярплівы. Ён ніколі не пакідае мяне, а падтрымлівае і ўмее чакаць.
Айцец, навучы «паліваць» у сабе тое, што з’яўляецца Тваім зернем. Дапамажы прыносіць плён святла і цеплыні, так патрэбных мне самому і ўсяму свету.
кс. Иван Асуляк