Езус сёння хоча засеяць у маім сэрцы Валадарства Нябеснае, якое, як кажа апостал Павел, «не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым» (Рым 14, 17).
Езус расказаў народу такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да зерня гарчычнага, якое узяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго. Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, пакуль не скісла ўсё. Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не гаварыў ім, каб збылося сказанае прарокам, які кажа: адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае, раскажу ўтоенае ад стварэння свету.
Езус дае нам прыклад таго, што маленькае зерне можа стаць прытулкам для птушак, а малая частка закваскі можа прынесці вялікія змены і падняць усё цеста. А як гэта адбываецца ў маім жыцці? Ці можа тое, чаму Езус хоча мяне навучыць, засяваючы Валадарства Божае ў маім сэрцы, цалкам змяніць маё жыццё? Ці магу я стаць дарам для іншых – домам для птушак і хлебам для галадаючых?
Валадарства Божае не трыумфуе раптоўна і з надзвычайнай сілай. Яно пачынаецца з малых учынкаў, пакорнай веры або аднаго чалавечага сэрца і вырастае ў магутную супольнасць.
Да якой групы я належу? Да праўдзівых вучняў Хрыста ці да народу, які толькі слухае, але сэрца яго знаходзіцца далёка?
Ці магу я даверыцца Богу, аддаць Яму сваё жыццё, каб з мяне, маленькага чалавека, Бог учыніў вялікае дабро?
Дапамажы мне, Пане, быць сапраўдным Тваім вучнем. Дапамажы мне прыняць Тваё слова проста ў сэрца. Божа, я хачу быць прыладаю ў Тваіх руках.
кс. Иван Асуляк