«Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 21). Чым я больш за ўсё даражу ў сваім жыцці? Езус сёння прапануе мне рызыкнуць – ці гатовы я даверыцца Яму?
Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле. Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.
Сёння ў Евангеллі Езус распавядае пра тое, як і просты чалавек, і дасведчаны купец ідуць на рызыку, каб набыць нешта непараўнальна большае за тое, што яны ўжо мелі. І якая ж надзвычайная радасць напаўняе іх сэрцы разам са знойдзеным скарбам! Гэтая рызыка і ёсць мая вера, учынак, які мне неабходна зрабіць, каб не проста знайсці, але і здабыць Валадарства Нябеснае.
Дзеля дасягнення Божага Валадарства сапраўды варта ахвяраваць усім, пра што нагадвае нам і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (гл. ККК, 546).
«Я знайшоў у Богу шчасце і спакой, якія марна шукаў у сваім жыцці», – казаў святы брат Альберт. Я таксама магу шукаць шчасце ўсё сваё жыццё, дабівацца яго і плаціць вялікую цану за мімалётныя імгненні, якія ў выніку так і не могуць задаволіць маё сэрца.
Што сёння з’яўляецца маім скарбам? Чым я даражу больш за ўсё на свеце? Ці з’яўляецца Бог галоўным скарбам у маім жыцці – больш каштоўным, чым нават маё жыццё? На якім Ён месцы?
Вера – гэта заўсёды рызыка. Ці гатовы я рызыкнуць усім, што маю, дзеля Бога, даверыўшы Яму нават сваю сям’ю?
Пакуль я жыву тут, на зямлі, у мяне не будзе пастаяннай бачнай упэўненасці, што я іду абсалютна правільным шляхам. Але ці рызыкну я ўсім дзеля самага вялікага скарбу – жывых адносін з Богам Айцом і вечнага жыцця ў Яго любові і радасці?
кс. Иван Асуляк