Калі я хачу ўвайсці ў Божае Валадарства, мушу памятаць словы Езуса. Заставацца з Ім зможа той, хто гатовы прайсці праз выпрабаванні і цяжкасці, як гэта зрабіў сам Збаўца.
Падышла да Езуса маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі і пакланілася, каб папрасіць Яго аб нечым. Ён жа сказаў ёй: Чаго ты хочаш? Яна адказала: Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе. Езус сказаў у адказ: Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць? Яны кажуць Яму: Можам. І кажа ім: Келіх мой будзеце піць, але не Я даю дазвол сесці праваруч ці леваруч Мяне, бо гэта прызначана для тых, каму падрыхтаваў Айцец Мой. Калі пачулі дзесяць вучняў, яны абурыліся на двух братоў. А Езус паклікаў іх і сказаў: Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі і вяльможы маюць уладу над імі. Няхай не так будзе сярод вас. Але, хто хацеў бы стаць сярод вас вялікім, няхай будзе слугою вашым. А хто хацеў бы стаць першым, няхай будзе нявольнікам вашым. Бо і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх.
Як і сыны Зэбэдэя, чалавек часта хоча лёгка і без перашкод атрымаць узнагароду ў Валадарстве Божым. Але мы забываем, дзеля чаго Езус прыйшоў у гэты свет: Ён прыйшоў служыць і аддаць сваё жыццё, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Збаўца ясна дае зразумець вучням: быць услаўленым з Ім немагчыма без гатоўнасці ісці Яго шляхам і несці свой крыж.
Немагчыма аддзяліць Валадарства Божае ад «келіха цярпення». Не дазваляй свайму сэрцу закрывацца ад пакутаў, неадрыўных ад следавання за Хрыстом. Бо Збаўца не проста папярэджвае вучняў – Ён давярае ім свой боль і чакае, што ў гэты цяжкі час яны застануцца побач з Ім.
Ці ведаю я, пра што прашу? Ці гатовы быць вучнем Хрыста і вучыцца ад Яго прымаць цярпенне, штодзённую працу і свой крыж?
Ці гатовы я піць гэты келіх у Імя Езуса? Бо калі я сваю дарогу не буду ахвяроўваць Богу, само цярпенне застанецца толькі цярпеннем, а не стане шляхам збаўлення.
Кожны, хто не бярэ свой крыж і не ідзе за Хрыстом, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства. Я павінен памятаць: гэты шлях будзе цяжкім, але я прайду яго не адзін, бо Езус нясе мой крыж разам са мною.
кс. Иван Асуляк