Узгадайма запаведзь, дадзеную Майсею Богам: «Слухай, Ізраэль: [...] Любі Пана Бога твайго...» (Дрг 6, 4-5). Каб навучыцца любіць, спачатку трэба ўмець слухаць.
Езус сказаў сваім вучням: Паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе. Пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі з-за слова пачынаецца ўціск ці пераслед, ён адразу ж адступаецца. Пасеянае ў цернях — гэта той, хто чуе слова, але клопаты гэтага веку і зманлівасць багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее; ён і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў трыццаць.
Паглядзі на Сейбіта, на Ягоную дабрыню і шчодрасць, бо Ён сее там, дзе хоча. Нягледзячы на тое, што часам нашае сэрца падобнае да ўтаптанай дарогі альбо камяністай глебы, Езус хоча, каб яно было ўрадлівай зямлёй. Зямлёй, якая прыме ў сябе зерне Слова і прынясе годны ўраджай.
Святы Ян Залатавусны адзначаў, што Сейбіт (Хрыстус) не робіць адрозненняў пры пасеве. Розніца заключаецца ў адносінах самога слухача. Гэта нагадвае нам, што нават камяністая глеба можа стаць урадлівай дзякуючы Божай ласцы.
Каб любіць Бога, трэба ўмець Яго чуць. Калі я ў апошні раз па-сапраўднаму слухаў Бога праз Яго Слова, адкінуўшы ўсю мітусню?
Сейбіт шчодра сее ва ўсе сэрцы, але плён залежыць ад нас. На якое месца з прыпавесці падобнае маё сэрца сёння – на дарогу, камяністыя месцы, церні ці добрую зямлю?
У якім бы стане ні знаходзілася маё сэрца, я заўсёды магу даверыць яго Пану. Божа, няхай Твая ласка падрыхтуе маё сэрца: сей у ім, палівай і клапаціся пра яго. Аддаю сваё сэрца Табе, бо ведаю, што без Тваёй ласкі і Тваёй дапамогі я не прынясу ніякага плёну.
кс. Иван