Ці прыходзіла табе калі-небудзь у галаву думка, як выглядае рай? Не карыкатурны, з анёламі, што граюць на цытрах, і з поснымі тварамі збаўленых, а той, сапраўдны?
Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.
Сённяшняе Евангелле дазваляе нам крыху зазірнуць у райскую рэчаіснасць і пакідае невялікі спойлер таго, як яна будзе выглядаць. Калі мы думаем пра сустрэчу са Святой Тройцай, то пераважна ўспрымаем сябе ў якасці гледачоў. Езус жа ў сваёй метафары расстаўляе ўсё па месцах: Айцец – вінаградар (зрэшты, згодна з прароцтвам Ісаі), Сын – лаза, з якой усё бярэ пачатак.
Аднак самае цікавае, што паміж Вінаградарам і Лазой, у самым цэнтры гэтага боскага жыцця, знаходзімся мы – галінкі. Гэтаксама, як на абразе Каранавання Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе Багародзіца стаіць не збоку, а ў самым цэнтры адносінаў Найсвяцейшай Тройцы, якая Яе атуляе.
Ці адчуваю я сябе галоўным героем сваёй жыццёвай гісторыі?
Якім чынам сёння я магу выканаць просьбу Езуса «трываць у Ім»?
Хрысціянства – гэта рэлігія не чалавечых высілкаў, а будавання адносінаў з Крыніцаю жыцця. Плод «галінак» не ствараецца штучна, а расце праз еднасць з «Лазою». Пане Езу, дазволь мне трываць у Тваім Слове, каб мае думкі, жаданні і малітвы былі згодныя з Тваёй воляй. Навучы мяне не спадзявацца на ўласныя сілы, а давяраць Табе, каб у маіх жыццёвых плёнах праславіўся Айцец.
а. Яўген Голуб OFMConv