Самая шэрая гадзіна заўсёды перад світаннем, кажа старая прымаўка. Досвед Марыі Магдалены – гэта шлях ад уцёкаў перад пустым гробам да місіі стаць «апосталкай апосталаў».
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго. Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі, адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса. І яны кажуць ёй: Жанчына, чаго ты плачаш? Адказала ім: Забралі Пана майго, і не ведаю, дзе паклалі Яго. Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў там, але не ведала, што гэта Езус. Кажа ёй Езус: Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго. Езус кажа ёй: Марыя! А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: Раббуні, – што азначае «Настаўнік». Кажа ёй Езус: Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага. Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.
Першая рэакцыя Магдалены – уцячы ад балючага досведу. Убачыўшы адсунуты камень, яна прадчувае найгоршае і становіцца для Апосталаў вястункай дрэнных навін. Аднак пасля мы бачым другую спробу сутыкнення з фактам Уваскрасення – адвагу зазірнуць унутр.
Марыя пазнае Хрыста не праз лагічныя доказы, а ў момант, калі Ён кліча яе па імені. Цікавае гэта прывітанне: спачатку Ён звяртаецца да яе «гінай» – «жанчына». Гэта ўстойлівы выраз павагі. Яна ж адказвае на гэта «Кірые» – «Пане». І толькі пачуўшы ўласнае імя, пазнае Настаўніка.
Грыгорый Вялікі падкрэслівае, што Марыя – гэта вобраз Касцёла, які шукае Жаніха. Яна плача, бо не можа знайсці Яго, калі ж паклічуць па імені – пазнае голас Пастыра.
«Чаго ты плачаш?» – пытаецца Езус у Магдалены. Што для мяне сёння з'яўляецца прычынай суму?
«Каго шукаеш?» – гучыць другое пытанне Езуса ўваскрослага. На каго накіраваны мае жыццёвыя пошукі? На Бога, на сябе сапраўднага, на блізкіх асобаў?
Гісторыя Марыі Магдалены паказвае, што сустрэча з уваскрослым Хрыстом здольная цалкам перамяніць чалавека: яна не проста рассейвае глыбокі сум і асушвае слёзы, але і ператварае роспач у трывалую надзею.
а. Яўген Голуб OFMConv