Калі прыглядзецца да сучаснай масавай культуры, то лёгка заўважыць, што большасць фільмаў, серыялаў і кніжных гісторый прысвечаны адной тэме. І не, гэта не каханне.
Калі Езус прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. І нехта сказаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць і хочуць пагаварыць з Табою. Ён жа адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: Хто маці Мая і хто браты Мае? І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо кожны, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці.
Кажуць, што сям'ю не выбіраюць. Да яе часта ставяцца як да непазбежнай дадзенасці – часам прыемнай, а часам складанай і балючай. Між тым тэма сям'і даследуецца ў сучаснай культуры як, бадай, ці не асноўная. Знаёмы сюжэт: гарстка дзівакоў, адкінутых гэтым светам, знаходзяць адно ў адным разуменне, падтрымку і становяцца сапраўднай сям'ёй па духу.
Тое самае, па сутнасці, адбываецца і ў сённяшнім Евангеллі. Езус не адмяняе запаведзь шанаваць бацькоў, але паказвае, што эсхаталагічная сям'я Божага Валадарства пераўзыходзіць кроўныя сувязі. Прыналежнасць да гэтай супольнасці пачынаецца не па крыві і плоці, а з адказу чалавека на Божае пакліканне.
«Калі маці корміць і любіць сваё дзіця паводле цела, наколькі ж больш кожны павінен любіць і карміць свайго духоўнага брата...» – пісаў святы Францішак сваім братам у ордэне.
Што я адчуваю, калі чую ў Касцёле зварот: «Дарагія браты і сёстры»?
Ці лёгка мне называць іншых хрысціянаў сваімі братамі і сёстрамі? Калі не, то чаму?
Добры Пане, навучы мяне быць Тваім братам, сястрой і маці праз паслухмянасць Божай волі. Як Багародзіца Марыя стала Тваёй Маці праз сваю веру, так і я прагну быць часткай Тваёй сям'і праз выкананне свайго паклікання.
а. Яўген Голуб OFMConv