Ёна – адзіны з прарокаў, які не проста не хацеў, а рабіў усё магчымае, каб не здзейсніць Божую волю. Нечакана, што менавіта яго ўзгадвае Хрыстос, расказваючы пра сваё Уваскрасенне.
Некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі Езусу: Настаўнік, хочам ад цябе ўбачыць знак. Але Ён адказаў ім: Пакаленне нягоднае і распуснае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму, апрача знаку Ёны прарока. Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. Людзі з Нінівы ўстануць на судзе супраць гэтага пакалення і асудзяць яго, бо яны пакаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а тут большае, чым Ёна. Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем і асудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламона, а тут большае, чым Саламон.
Пошукі знакаў канцэнтруюць увагу пераважна на знешнім. Ёна бачыў у людзях з Нінівы ворагаў, а ў шторме і Божым дзеянні – перашкоду. Перспектыва трох дзён і начэй у чэраве вялікай рыбы – своеасаблівым месцы пусткі, дзе прарок чуе Божы голас, – дазваляе яму перамяніцца. Такім чынам, «знак Ёны» – гэта не толькі факт уваскрасення Хрыста, але і нашае навяртанне як вынік Яго перамогі.
Узгаданы Езусам «кэтос» (гр. κῆτος) з’яўляецца ў біблейскай традыцыі не кітом, а міфалагізаванай пачварай, сімвалам хаосу і смерці. Ёна сыходзіць унутры яго да самага «сэрца зямлі». Гэта падкрэслівае рэальнасць смерці, у чэрава якой сыходзіць Езус.
Святы Грыгорый Вялікі параўноўваў «сэрца зямлі» з чалавекам, пахаваным у сваіх жарсцях. Хрыстос сыходзіць да яго, каб вывесці вонкі. Святы пісаў: «Той, хто патрабуе знешніх знакаў, падобны да хворага, які замест леку шукае новыя сімптомы хваробы».
Ці часта я сам прашу ў Бога нейкіх знакаў?
Якім чынам вера ва ўваскрасенне Хрыста змяняе маё жыццё?
Літасцівы Божа, даруй мне, калі шукаю знешніх пацвярджэнняў замест таго, каб давяраць Табе. Ствары ўва мне сэрца, здольнае навяртацца так, як Нініва. Напоўні мяне жаданнем мудрасці Тваёй, як калісьці Каралеву Поўдня. Умацуй маю веру, каб не прагнуў знакаў, а пазнаваў Цябе ў крыжы і ўваскрасенні.
а. Яўген Голуб OFMConv