Сучаснасць настолькі прывучыла нас да імгненных вынікаў, што кожнае доўгае чаканне расцэньваецца як памылка ці збой сістэмы. Так ставяцца нават да адносін між людзьмі. Бог жа мае час.
Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плод, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік. Ён жа сказаў ім: Вораг зрабіў гэта. А слугі сказалі яму: Хочаш мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў гумно маё.
Гэты аповед распачынае цыкл прыпавесцяў, якія тлумачаць прыроду Нябеснага Валадарства. Мэта менавіта гэтай гісторыі – адказаць на крызіс першай супольнасці, што сустрэлася з крывадушнасцю, ерасямі і ўнутранымі канфліктамі. Усе гэтыя рэчы не маюць пачатку ў Богу, але з'явіліся з прычын чалавечае свабоды.
Цярпенне Бога – гэта не слабасць і не бяссілле, а педагогіка, што дае час для пакаяння (гл. 2 Пятра 3, 9). Толькі ў Бога ёсць права на канчатковы падзел, бо Ён мае ўвесь час свету і ведае чалавечыя сэрцы. Усе нашыя спробы выправіць шкоду без Яго вядуць да падзелаў.
У сваім абвяржэнні вучэння біскупа-ерэтыка Парменіяна святы Аўгустын выкарыстоўвае гэтую прыпавесць як аргумент супраць падзелу Касцёла: «Касцёл на зямлі – гэта змяшанае цела (лат. corpus permixtum). Каласоўнік не павінен аддзяляцца чалавечай рукою, толькі жнівом анёлаў».
Ці прымаю я той факт, што навяртанне маё і бліжніх патрабуе часу?
Як я рэагую на дрэнныя якасці братоў і сясцёр з супольнасці Касцёла, калі раптам іх заўважаю?
О Сейбіце добрага зерня, навучы мяне не спяшацца з асуджэннем там, дзе Ты наказаў быць шчодрым на чаканне. Дапамажы мне, Пане, не паддавацца роспачы і неахвоце, калі мой «каласоўнік» не дае ўзрастаць плёнам навяртання.
а. Яўген Голуб OFMConv