Што б зрабіў Езус сёння, калі б сустрэўся з хейтам у свой адрас і крытыкай Евангелля? Пісаў бы гнеўныя адказы, пакорна адышоў ці згадзіўся б з суразмоўцам у імя супакою?
Фарысеі выйшлі і сабралі раду супраць Езуса, каб загубіць Яго. Але Езус, даведаўшыся, пайшоў адтуль. І пайшло за Ім следам шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх. Але забараніў ім расказваць пра сябе, каб збылося сказанае прарокам Ісаем:
Вось слуга Мой, якога Я выбраў,
умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая.
Ускладу дух Мой на Яго,
а Ён абвесціць суд народам.
Не будзе пярэчыць і лямантаваць,
і не пачуе ніхто на плошчах голасу Яго.
Трысціны надламанай не пераломіць,
і кнота, які тлее, не пагасіць,
пакуль не давядзе суд да перамогі.
І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею.
Сённяшняе Евангелле паказвае нам парадаксальны «метад Хрыста» на хейт: Ён захоўвае пакору, але разам з тым дазваляе сваім учынкам і Божым знакам «гаварыць» грамчэй, чым словам. У часы абароны ўласнае рацыі і «культуры адмены» Евангелле нагадвае: вернасць і спачуванне мацнейшыя за спрэчкі і лямант.
Cвяты Аўгустын у сваім «Казанні аб Тройцы» спасылаецца на вобразы з сённяшняга Евангелля: «Трысціна – гэта чалавечая прырода, зламаная грахом. Хрыстос не ломіць яе, а аздараўляе. Кнот – любоў, што ледзьве тлее ў сэрцы. Дух раздзімае яе, пераўтвараючы ў полымя міласэрнасці».
Як я рэагую на крытыку ў свой адрас?
У чым мне б хацелася быць падобным да Хрыста?
Пане Езу, абраны Слуга Бога, поўны Духа Яго Святога, навучы мяне не ламаць надламанае, не гасіць тлеючае, а несці Твой супакой і святло ў свет, які так прагне любові.
а. Яўген Голуб OFMConv