Колькі разоў мне даводзілася абяцаць Богу нешта ўзамен за дапамогу: паспяхова здадзены экзамен, здароўе сваё ці блізкіх, поспех у нейкім праекце? «Міласэрнасці хачу», – кажа Ён сёння ў Евангеллі.
У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат. А Ён адказаў ім: Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім? Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам? Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя? Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню. Калі б ведалі вы, што азначае: Міласэрнасці хачу, а не ахвяры, — не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — Гаспадар шабату.
Закон Бога, вакол якога сёння адбываецца спрэчка Езуса з фарысеямі, дадзены чалавеку для жыцця (гл. Мк 2, 27), а не для абмежавання. Нават самы прыгожы і важны рытуал без любові ператвараецца ў мёртвага ідала. Езус не адмяняе шабат ці традыцыі, Ён раскрывае іх першапачатковы змест. Абвінавачванне ад фарысеяў тут мае не маральны, а рытуальна-юрыдычны характар.
Фізічная ці духоўная патрэба становіцца магчымасцю для прымянення «пікуах нэфеш» – правіла, згодна з якім чалавечая патрэба перавышае рытуальныя абмежаванні. На гэта спасылаецца Хрыстос, калі ўзгадвае Давіда ці святароў, якія складаюць ахвяры ў шабат.
Святы Аўгустын бачыць у гэтым тэксце пацвярджэнне пераемнасці запаветаў: «Старазапаветная субота – гэта цень, Хрыстос жа – цела. Хто трымаецца ценю, той не дасягае святла».
Якія пачуцці ўзнікаюць у мяне пасля прачытання гэтага ўрыўка Евангелля? З кім я сябе атаясамліваю?
Што я раблю, каб мае адносіны з Богам не ператварыліся ў знешні рытуал? Ці магу яшчэ нешта змяніць да лепшага?
Езу, Гаспадару шабату і Крыніца сапраўднага супакою, захавай маё сэрца ад фарысейскай строгасці і навучы бачыць у Тваіх запаведзях шлях міласэрнасці.
а. Яўген Голуб OFMConv