Штодня я чую шмат прапаноў, запрашэнняў, рэклам. Прапанова Езуса можа і падобная да іх па форме, але нясе ў сабе абсалютна іншы змест.
Езус сказаў у адказ: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.
«Прыйдзіце да Мяне» – гэта запрашэнне сустрэцца. Езус не «рэкламуе» нам тавар ці паслугу, Ён запрашае да адносінаў з сабою: грэчаскі прыназоўнік «прос» указвае на кірунак да кагосьці, на асабістае спатканне. Усе, хто адчувае цяжар, запрошаныя атрымаць дар унутранага супакою, каб аднавіць сілы, як арлы (гл. Іс 40, 31).
Нават «ярмо», якое сімвалізуе тут Божы Закон і яго аўтарытэт, з'яўляецца пацвярджэннем дабрыні Бога: «Фарысеі ўскладаюць цяжар на іншых, але самі не кранаюць яго і пальцам; Хрыстос спачатку сам нясе ярмо, а пасля заклікае нас», – каментуе гэты ўрывак святы Ян Хрызастом.
Шкаплер святой Багародзіцы з гары Кармэль, назва якога даслоўна тлумачыцца як «наплечнік», становіцца бачным знакам гэтага «добрага ярма» Хрыста. Марыя дапамагае несці яго з пакорай і радасцю, ператвараючы абавязак малітвы ў крыніцу ўнутранага спакою.
Што я адчуваю, калі чую сённяшняе запрашэнне Хрыста? Якія думкі яно ўва мне выклікае?
Хрыстос запрашае мяне сёння ўзяць на сябе ярмо. Якое?
Святая Багародзіца з гары Кармэль, атулі мяне сваім плашчом. Дапамажы, каб маё штодзённае «ярмо» быцця вучнем Твайго Сына стала лёгкім не праз адсутнасць высілкаў, але праз ласку сузірання і магчымасці жыць Яго Словам.
а. Яўген Голуб OFMConv