Чаму адны прымаюць Хрыста і Яго Евангелле, а іншыя не даюць Яму веры? Прычына гэтага не ў недахопе доказаў, а ў дзеянні Божай ласкі, якая здзяйсняецца ў чалавеку праз пакору.
У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.
«Здзяцінеў» – так часта кажуць пра чалавека, які паводзіць сябе не адэкватна свайму ўзросту, стану, статусу. У Езуса ўсё інакш: «нэпіоі» (з грэчаскай мовы «немаўляты») – гэта метафара духоўнай простасці, пакоры, узаемазалежнасці. Гэта не пахвала невуцтву, а сцвярджэнне, што Боскі план успрымаецца не толькі інтэлектуальным высілкам, але і даверам.
«Немаўляты – гэта не тыя, хто не ведае літар, а тыя, хто вольны ад нахабства і пыхі – як дзеці, што не памятаюць зла, давяраючы Айцу», – каментаваў гэты ўрывак святы Ян Хрызастом. – «Не будзь у роспачы, калі ты непісьменны; калі маеш пакору, ты мудрэйшы за філосафаў».
Святы Бонавэнтура, францішканін і доктар Касцёла, якога сёння ўзгадваем, падкрэсліваў, што сапраўднае пазнанне Бога пачынаецца не з інтэлектуальнага высілку, а з ачышчэння сэрца. Толькі праз зварот да стану «немаўляці» мы зможам адкрыць, які Бог на самой справе.
З кім я атаясамліваю сябе ў гэтым Евангеллі: з «немаўлятамі» ці з «мудрацамі»? Чаму?
Ці лёгка мне падчас малітвы звяртацца да Бога словам «Айцец»?
Пане Езу, Мудрасць Божая і Немаўля з Бэтлеему, Той, каму Айцец усё перадаў, дапамажы мне адкрыць Бога не як інтэлектуальную ідэю, але як жывую Любоў, у якой я створаны, здзяйсняюся і існую.
а. Яўген Голуб OFMConv