У Бібліі здзейсненыя Богам цуды непарыўна звязаныя з верай у Яго і Яму. Кожны цуд – гэта перш за ўсё знак: знак Яго прысутнасці і поўнага панавання над матэрыяй, часам і прасторай.
Езус пачаў дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш Ягоных цудаў, за тое, што яны не пакаяліся. Гора табе, Харазін, гора табе, Бэтсаіда, бо, калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў вас, яны б даўно, у мешкавіне і попеле, пакаяліся. Але кажу вам: У судны дзень лягчэй будзе Тыру і Сідону, чым вам. А ты, Кафарнаум, ці ўзвысішся да неба? Ты нізрынешся да пекла. Бо калі б у Садоме былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў табе, ён застаўся б да сённяшняга дня. Але кажу вам: У судны дзень лягчэй будзе зямлі садомскай, чым табе.
Мы не ведаем, якім чынам Бог асудзіць Тыр, Сідон ці Садом. Але ведаем, што дадзім адказ за ўсе тыя знакі Божай прысутнасці, якія ў жыцці атрымалі. Цудоўнае і надзвычайнае, духоўныя перажыванні і літургічная прыгажосць – усё гэта сродкі, што вядуць да «метаноі», да нашага навяртання, перамены мыслення і жыцця.
Дакор Хрыста тут – не эмоцыя, а прароцкая канстатацыя факту адчужэння. Грэчаскае слова «дынаміс» азначае не проста «цуд», а праяву дзейснай моцы Валадарства.
Ян Хрызастом, каментуючы сённяшняе Евангелле піша: «Хрыстос кажа гэтыя словы не дзеля таго, каб асудзіць, але каб выправіць. Не таму, што Садом больш праведны, але з-за таго, што вы, убачыўшы такія цуды, засталіся непахіснымі ў сваіх заганах». Хай жа нашыя сэрцы адкрыюцца на Божае дзеянне.
Свядомасць блізкасці і любові Бога да мяне ці не робіць – парадаксальным чынам – маё сэрца лянівым і няздольным убачыць Божае дзеянне? Што рабіць, каб «абудзіць» сэрца да навяртання?
Якім горадам я адчуваю сябе сёння: Кафарнаўмам, дзе зазвычай жыў Езус, ці Садомам, Тырам і Сідонам? Чаму?
Пане, я быў сведкам «цудаў» – Твайго бачнага дзеяння ў маім жыцці. Не дай майму сэрцу застацца халодным і абыякавым да знакаў Тваёй прысутнасці і моцы Твайго Валадарства. Дазволь мне навяртацца праз Тваё прароцкае Слова.
а. Яўген Голуб OFMConv