Калі святло трапляе ў цямрэчу, то непазбежна асвятляе межы. Так і давер да Хрыста можа стаць прычынай падзелаў, дарма што Ён сам хоча, «каб усе былі адно» (гл. Ян 17, 21).
Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю. Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч. Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, і дачку — супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе; і будуць ворагі чалавеку хатнія ягоныя. Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне. Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто стаціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарока атрымае. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй. Калі закончыў Езус настаўляць дванаццаць вучняў сваіх, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іхніх гарадах.
Хрыстос не абяцае вучням лёгкіх шляхоў. Ён шчыра кажа: калі мы пойдзем за Ім, то нашыя адносіны, фундаменты і вартасці могуць змяняцца, выпрабоўвацца на трываласць. Але нават кубак вады, што падалі «дзеля Валадарства» мае вартасць згодна з Боскай логікай любові.
«Меч», пра які гаворыць Езус, – гэта грэчаскае слова «махайран», і ў адрозненне ад вялікага, вайсковага мяча, быў сімвалам суда (гл. Рым 13, 4), а тут вельмі канкрэтна адносіцца да Божага слова, здольнага аддзяляць (гл. Габр 4,12). У Кнізе Быцця менавіта праз аддзяленне Бог стварае свет.
Святое Пісанне не мае намеру пазбавіць нас дабра, адносін, блізкіх. Адкуль тады бяруцца падзелы? «Не Хрыстос стварае падзел, але нявер'е людзей... Доктар, што прыпальвае рану, не вінаваты ў тым, што яна баліць», – падказвае нам Ян Хрызастом.
Што ці хто займае ў маім жыцці месца, якое насамрэч належыць Хрысту?
Якое «маленькае дабро» я магу здзейсніць сёння для Нябеснага Валадарства?
Пане Езу, адары мяне мужнасцю будаваць на Табе і Тваім Слове ўсе мае чалавечыя адносіны. Навучы мяне браць свой крыж не як цяжар адчаю, а як магчымасць вызвалення з няволі эгаізму. Дапамажы мне бачыць у кожным з братоў і сясцёр Цябе самога.
а. Яўген Голуб OFMConv