Сёння ў Евангеллі гучыць вядомая прыпавесць, якую крыху дзіўна чуць у часы, калі эфектыўнасць і вынікі часта лічаць важнейшымі за саму дзейнасць.
У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. І шмат гаварыў ім ў прыпавесцях, кажучы: Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх. Другія ўпалі на камяністае месца, дзе не было шмат глебы, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокай. Калі ж узышло сонца, яны завялі і з-за таго, што не мелі каранёў, засохлі. Іншыя зярняты ўпалі ў церні, і выраслі церні, і заглушылі іх. А яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае!
Гэтую прыпавесць пра сейбіта часта ўспрымаюць у якасці пэўнага спісу сімптомаў, класіфікацыі душаў паводле таго, як дзейнічае ў іх Божае слова. Але варта адысці ад звычайных схем і заўважыць некалькі важных дэталяў: зерне заўжды тое самае, жывое і нязменнае. Змяняецца толькі стан глебы, у якое яно трапляе.
«Пры дарозе» – утаптаная зямля, дзе зерне застаецца на паверхні без магчымасці прарасці. «Камяністая» (нездарма мае ў сваёй грэцкай назве, «пэтродэс», сугучча з Пятром) – занадта тонкі слой глебы не дазваляе запусціць карані глыбока. «Павярхоўным энтузіязмам» называе Ян Хрызастом гэтую глебу.
«Пустазелле» – гэта «жыццёвыя клопаты і мроя багацця» (пар. Мц 13, 22), што «заглушылі» Божую ласку. Добрая ж зямля дае шчодры плён дзякуючы рэгулярнай сталай працы на ёй.
Якой «глебай» для Божага слова з’яўляюся сёння я?
Што замінае майму жыццю быць на самай справе плённым?
Добрай навіной з'яўляецца тое, што гэтае Евангелле – як люстэрка: кажа пра наш актуальны стан, але дае надзею і заахвочвае да таго, каб «глеба» нашага сэрца рабілася ўсё больш урадлівай. Як пісаў Ян Хрызастом, слова Божае не бяссільнае – толькі чакае сэрца, што адчыніць для Яго свае дзверы.
Пане, прыйдзі да мяне і дзейнічай, хай Тваё Евангелле зарунее ўва мне!
а. Яўген Голуб OFMConv