Часам самае шчырае пытанне веры гучыць так: «Што я за гэта атрымаю?» У жыцці, скіраваным на рэзультат, аддаць нешта задарма азначае страціць. А што калі ўзнагарода – сам Бог?
Пётр сказаў Езусу: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Дык што мы атрымаем? А Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што ў новым стварэнні, калі Сын Чалавечы сядзе на троне славы сваёй, таксама вы, якія пайшлі за Мною, сядзеце на дванаццаці тронах, каб судзіць дванаццаць плямён Ізраэля. І кожны, хто дзеля Майго імя пакінуў дамы, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае.
Калі Пётр звяртаецца да Хрыста, то гаворыць з невядомасці, бо пакінуў за сабою размеранае і зразумелае жыццё. Хрыстос не асуджае яго за прагматызм, а адказвае абяцаннем, якое дае нашмат больш за маёмасць ці чалавечыя сувязі.
«Трон», удзел у якім абяцае Езус сваім вучням, каб судзіць плямёны Ізраэля, – гэта не проста ўганараванне іх працы. Дзеяслоў «крыно» (гр. κρίνω) тут значыць не асуджэнне, а аднаўленне, вяртанне першаснай праўды і гармоніі. Бог дае Сваім вучням удзел у аднаўленні зламанага свету.
Кірыл Александрыйскі бачыць у «новым стварэнні» правобраз хросту – асабістага адраджэння чалавека. Святы быццам хоча яшчэ раз нагадаць: аднаўленне сусвету пачынаецца з нашага сэрца.
Ці было ў маім жыцці нешта (ці нехта), чым (ці кім) мне давялося ахвяраваць дзеля Хрыста?
Ці бачу я здзяйсненне дадзенага Езусам абяцання ў сваім жыцці?
Добры Пане, адары мяне шчодрасцю сэрца, каб я не трымаўся таго, што маю, а радасна крочыў за Табою насустрач паўнаце жыцця.
а. Яўген Голуб OFMConv