Часам навука Хрыста замест спакою і радасці прыносіць трывогу і смутак. Так бывае, калі мае чаканні «лёгкага хрысціянства» разбіваюцца аб сапраўднае жыццё.
Езус сказаў сваім Апосталам: Вось Я пасылаю вас, як авечак паміж ваўкоў. Таму будзьце хітрыя, як змеі, і простыя, як галубы. Сцеражыцеся людзей, бо будуць аддаваць вас на суд і ў сінагогах сваіх будуць біць вас. І павядуць вас да кіраўнікоў і да каралёў з-за Мяне дзеля сведчання перад імі і язычнікамі. Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну пазнаць, што сказаць. Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас. І выдасць брат брата на смерць, і бацька сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх. І ўсе будуць ненавідзець вас за Маё імя. Хто ж вытрывае да канца, будзе збаўлены. Калі вас пераследаваць будуць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраэля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
Сёння Хрыстос расказвае апосталам пра магчымы сцэнар развіцця падзей і нічога не хавае: Ён не абяцае, што Яго вучняў заўжды будуць прымаць бесклапотна, але супакойвае іх трывогі тым, што Святы Дух пакіруе ўсёй сітуацыяй.
Аднак гэта не значыць, што можна не рыхтавацца да надыходзячай місіі: грэчаскае слова, якое ўжывае Хрыстос, заклікаючы не турбавацца, – μεριμνάω, «мерымнао», – даслоўна азначае «падзяляць розум». Такім чынам, заахвочванне Хрыста адносіцца перадусім да трывогі, што паралізуе вучняў.
Паводле Яна Хрызастома, заклік быць «авечкамі» паказвае не пасіўнасць вучняў, а стварае прастору для моцы Божай, што здольная даць сілы перамагчы «ваўкоў». Мудрасць змяі святы разумеў як гатоўнасць аддаць усё, акрамя веры: «Змяя, хоць атрымаўшы шматлікія раны, захоўвае цэлай галаву – уся жывая».
Што сёння маркоціць мяне наймацней?
Ці веру, што Бог можа даць мне сілы пераадолець гэта?
Божа, адары мяне мудрасцю змяі для цвярозага мыслення і чысцінёю сэрца голуба, каб ні страх, ні злосць не авалодалі маёй душою.
а. Яўген Голуб OFMConv