Маё жыццё акружана рэчамі, яны, здаецца, неабходныя для камфортнага існавання. Але калі б да мяне сёння прыйшоў Хрыстос і паклікаў пайсці з Ім, што б я ўзяў з сабою?
Езус сказаў сваім вучням: Ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце. Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік свайго спажытку. У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце. А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго. І калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас. А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомы і Гаморы ў дзень суда, чым гэтаму гораду.
Сёння Езус расказвае вучням, як яны мусяць несці сваё служэнне. Яны не павінны абцяжарваць свой шлях нічым: ні грашыма, ні вопраткай, ні лішняй парай абутку. Таксама яны не маюць патрабаваць платы за тое, што робяць, бо атрымалі свае дары ад Бога задарма. Шчыры давер да Бога – вось што сапраўды патрэбна. Бог сам паклапоціцца, каб тыя, хто служыць абвяшчэнню Евангелля, заўсёды мелі неабходнае.
Яшчэ Хрыстос тлумачыць, што ў любым месцы трэба дазнацца, хто з'яўляецца «годным». Магчыма, гэта тыя людзі, якія чакалі «суцяшэння Ізраэля» або яго «адкуплення». Можна было спадзявацца, што гэтыя людзі з радасцю прытуляць у сябе Божых пасланцаў. Такім чынам праяўляецца клопат Езуса пра сваіх вучняў.
Кожны дзень я прыходжу да іншых людзей: працую з імі, камунікую, разважаю. І гэтак жа штодня Пан пасылае і мяне быць Ягоным сведкам. Што нясуць мае словы, думкі, учынкі, мае ініцыятывы? Колькі ў іх Бога?
Заклік абвяшчаць набліжэнне Валадарства Нябеснага датычыць і мяне. Ці гатовы я даверыцца Богу і рушыць у дарогу па прыкладзе Ягоных вучняў?
Задачай апосталаў было абвяшчэнне Евангелля, таму, пасяліўшыся ў дамах «годных», яны пераходзяць з дому да дома і вітаюць яго жыхароў знаёмай формулай: «Спакой вам!»
Божа, дапамажы мне сваім жыццём апавядаць пра Тваё Евангелле і несці спакой усім, каго толькі сустрэну.
кс. Валерый Марціноўскі