Штодня я выконваю пэўныя абавязкі: у сям’і, падчас вучобы, на працы. Чым яны з’яўляюцца для мяне: гонарам або цяжарам?
Езус, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці Апосталаў былі такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго. Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Але перадусім ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае.
Пакліканне вучняў канкрэтнае: Хрыстус дакладна акрэслівае, куды яны павінны ісці і што рабіць. Ён удзяляе Дванаццаці ўладу над «нячыстымі духамі», бо гэтыя духі не толькі брудныя самі па сабе, але падбухторваюць людзей да брудных думак, слоў і ўчынкаў. Разам з магчымасцю лячыць хваробы і немач такая ўлада – вялікая сіла, здольная змяніць жыцці многіх людзей.
Часцей за астатніх згадваецца ў Пісанні каларытная фігура апостала Сымона Пятра. Езус праз многія ласкі і ўплыў ператварае гэтага даволі няўстойлівага чалавека ў свайго надзейнага сведку, пра што сведчыць і ягонае імя «Пётр», што на грэчаскай мове абазначае «скала».
Хрыстус стварыў са звычайных, слабых і грэшных людзей, моцную і ўплывовую супольнасць, якая стала не толькі годнай сувяззю з мінулым Ізраэля, але і трывалым падмуркам для будучыні Касцёла.
Ці ўсведамляю я, што таксама з'яўляюся вучнем Хрыста і нясу адказнасць за пашырэнне Евангелля ў свеце?
Касцёл – гэта перадусім супольнасць, і маё жыццё і паводзіны пэўным чынам сведчаць пра яе моц ці слабасць. Якім бы я хацеў бачыць Касцёл? Як я магу да гэтага спрычыніцца?
Пане, дзякую Табе за магчымасць быць часткай Твайго Касцёла. Бясконца захапляюся тым, як Ты штодня гартуеш і збіраеш у адно самых розных людзей. Прашу, адары мяне патрэбнымі ласкамі, каб я штодня быў годным сведкам Добрай Весткі.
кс. Валерый Марціноўскі