Сённяшні ўрывак Евангелля паказвае нам, з аднаго боку, вялікую сілу Хрыста і, з іншага, Яго мяккасць і міласэрнасць.
Прывялі да Езуса нямога чалавека, апанаванага злым духам. І калі злы дух быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І людзі казалі са здзіўленнем: Ніколі не было такога ў Ізраэлі. А фарысеі казалі: Князем дэманаў Ён выганяе злых духаў. Абходзіў Езус усе гарады і вёскі, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач. Убачыўшы натоўпы людзей, Ён злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра. Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.
Езус здзяйсняе чарговы цуд: выганяе з нямога злога духа. Тэрмін «апанаванасць дэманам» абазначае стан, калі злы дух бярэ пад кантроль чалавека. Натуральна, што словы і справы Езуса выклікалі ў натоўпе здзіўленне і захапленне. Наколькі велічна праявілася моц Хрыста, што фарысеі не могуць яе ўсвядоміць і ідуць па шляху найменшага супраціўлення, нагаворваючы, быццам Хрыстус дзейнічае злой сілай.
Калі Езус бачыць натоўпы людзей, то тлумачыць вучням, што і як рабіць, з пазіцый справядлівасці, міласэрнасці і вернасці. Ён глыбока спачувае гэтым «пакінутым авечкам», іх смутак – Яго смутак, бо Ён палюбіў гэтых абцяжараных найвышэйшай любоўю.
Езус бачыць людзей так, як здольнае толькі Яго спагадлівае сэрца: як авечак, якіх пакінуў пастух, і таму тыя гінуць у бясплодным, абдзіманым вятрамі стэпе. Можа гэта я, прыгнечаны і стомлены пошукамі свайго пастыра? Ці хачу я вызваліцца з-пад цяжару заган і залежнасцей, каб жыць у свабодзе і шчасці?
Людзі, як і авечкі, маюць патрэбу ў сапраўдных правадніках і добрых пастырах. Пагэтаму Хрыстус кажа: «Жніво сапраўды вялікае». Што я разумею пад вобразам жніва, як перажываю гэты заклік?
Божа, дапамажы мне па Тваім прыкладзе быць спагадлівым да іншых, каб я ставіўся да кожнага чалавека з прыняццем і пашанай. Хай у маім жыцці заўсёды знойдзецца момант і месца для Тваіх цудаў – цудаў бязмежнай любові.
кс. Валерый Марціноўскі