Сёння паразважаем пра тое, на што здатная чалавечая вера. Бог вучыць, што менавіта моцная вера з'яўляецца крыніцай паратунку і цудаў у чалавечым жыцці.
Калі Езус гаварыў з імі, да Яго падышоў адзін кіраўнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і ўскладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць. Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім. І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакранулася да краю вопраткі Ягонай, бо казала сабе: Калі хоць дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею. Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: Будзь адважнай, дачка: твая вера ўратавала цябе. І ад гэтага моманту жанчына была здаровай. Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп і сказаў: Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, але спіць. І насміхаліся з Яго. А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў і ўзяў дзяўчыну за руку, і яна ўстала. І разышлася пагалоска пра гэта па ўсёй гэтай зямлі.
Калі адзін з кіраўнікоў рады старэйшын папрасіў Езуса ўратаваць ягоную дачку, Хрыстус адразу ж пачынае дзейнічаць: Ён хутка паднімаецца і нібы паскарае свае крокі, спяшаючыся туды, дзе Ён так патрэбны. Бацька дзяўчыны верыць і чакае, што фізічны дотык Хрыста ажывіць ягоную дачку. Так і адбываецца: дзяўчына, якую ўжо лічылі памерлай, паднялася пасля звароту да яе Езуса.
Хворая жанчына моцна верыла, што зможа імгненна аздаравіцца, дакрануўшыся да аднаго з кутасоў на краях вопраткі Хрыста. Яна таксама была перакананая, што патрэбны менавіта фізічна дотык. Езус заўважыў гэты адважны ўчынак і, нібы пацвярджаючы моц веры жанчыны, падбадзёрвае яе і ацаляе з хваробы.
Хрысту няма патрэбы фізічна прысутнічаць каля хворага, каб яго аздаравіць, каб дзейнічаць у жыцці чалавека. Хопіць толькі Яго слова і маёй трывалай веры. Ці веру я ў моц Божага слова? Ці чую яго ў сабе?
Ці дастаткова маёй веры, каб ацаліцца, як жанчына з Евангелля, праз адзін толькі дотык да Хрыста?
Божа, умацуй маю веру, каб я мог аддаць Табе ўсе свае клопаты і праблемы, каб не змагаўся з імі сам-насам, але поруч з Табою, Тваёй сілай. Прамаўляй да мяне, Пане, каб загаіліся тыя раны, якія нашу ў сабе. Адкрый маё сэрца на свой дотык, прагну сёння ўвесь дзень адчуваць Цябе блізка.
кс. Валерый Марціноўскі