Сёння Езус захапляецца Айцом, праслаўляе Яго і дзякуе. Таксама запрашае ўсіх, каму цяжка, прыйсці да сябе па супакой і сілы. Кліча Хрыстос і мяне.
У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць. Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.
Звяртаючыся да Айца, Езус называе Яго Панам неба і зямлі. Ён моліцца, ужываючы знаёмыя мне словы. Адначасова Хрыстос прызнае ў Айцу Валадара – Таго, чые рашэнні і кіраванне сусветам пераўзыходзяць чалавечае разуменне. І Бог кожнаму адкрывае таямніцу аб збаўленні настолькі, наколькі здольны прыняць людскі розум. Праз жаданне і пакору я магу ўспрыняць тое, што хоча адкрыць мне Усявышні.
«[…] і адкрыў гэта дзецям». Пасля нараджэння дзеці спачатку п’юць, смакуюць малако, не цвёрдую ежу. Яны бездапаможныя без бацькоў і не супраціўляюцца гэтаму. Так жа кожны з нас залежыць ад моцы і міласэрнасці Нябеснага Айца.
Унікальнасць сувязі з Госпадам у тым, што Ён не падпарадкоўвае нас сабе ў гэтых блізкіх узаемаадносінах, а наадварот, праз іх дае нам унутраную свабоду, падтрымку і здольнасць да творчага і радаснага жыцця. Як адгукаецца ўва мне думка пра залежнасць ад Бога Айца?
Важна задаваць Богу пытанні. Яны з’яўляюцца адной з праяваў веры. Як Езус размаўляў з вучнямі, так Ён можа гаварыць са мной і рознымі спосабамі. Пачуць Божыя адказы дапамагае здольнасць быць пакорным сэрцам і розумам. Якія я маю спосабы ўзаемадзеяння з Богам?
Госпад не чакае маёй дасканаласці, каб аздаравіць, адкрыць мне тое, што хоча, і каб даць збаўленне, якое прынёс Езус. Ён гатовы рабіць гэта тут і цяпер, у маёй штодзённасці.
Божа, навучы заўважаць Тваю прысутнасць і праявы любові ў маім жыцці. Навучы пакоры і ўдзячнасці.
кс. Валерый Марціноўскі