Сёння вучні Яна Хрысціцеля прыходзяць да Езуса з пытаннем і, падаецца, з папрокам. Быццам не заўважаючы глыбіні сведчання Яна аб Хрысце і звяртаючы больш увагі на знешняе.
Вучні Яна прыйшлі да Езуса і сказалі: Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць? А Езус адказаў ім: Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць посціць. Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна на старую вопратку, бо прышытае рве вопратку, і дзірка робіцца яшчэ горшай. І не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі. Інакш, разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі псуюцца. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца і тое, і другое.
На самой справе пытанне было беспадстаўным. Калі б гэтыя людзі лепш вывучалі Святое Пісанне, то ведалі б, што адзіны пост, які вынікае з Божага закона, адбываецца ў дзень адкуплення, і што, згодна з вучэннем прарокаў, гэта мае быць не пост у значэнні абмежавання, а ў кантэксце любові, як вертыкальнай – да Бога, так і гарызантальнай – да чалавека.
Прыводзячы прыклады з паўсядзённага жыцця – прышывання латы і захоўвання віна, – Хрыстос паказвае, наколькі недарэчным было б Яго вучням пасціцца цяпер, калі Ён знаходзіцца з імі. Быццам Яго прысутнасць прыносіць бяду і вымагае постных практык.
Хрыстос не адмаўляе неабходнасці посту як знешняй праявы веры. Ён указвае на яго глыбокі сэнс і кантэкст. Сёння магу падумаць пра знешнія праяўленні пошуку Бога ў маім жыцці. Паразважаць, ці я гатовы на сур’ёзныя крокі дзеля такіх пошукаў.
Калі сітуацыя будзе таго патрабаваць, ці змагу я адмовіцца ад нечага ў сваім жыцці альбо паставіць на другі план, каб перш за ўсё ўнутрана, перад Богам, а калі будзе неабходна, таксама перад іншымі пацвердзіць сваю прыналежнасць да вучняў Хрыста?
Езус паказвае, што адкупленне, якое Ён прынёс, не залежыць ад постных практык. Хоць яны могуць дапамагчы адкрыцца на яго прыняцце. Таксама Хрыстос падкрэслівае важнасць радасці ў жыцці чалавека. Новае віно збаўлення можа быць для ўсіх, хто гатовы прыняць яго, у тым для мытнікаў і грэшнікаў. І наліваць яго трэба ў свежыя мяхі ўдзячнасці, свабоды і спантаннага служэння славе Божай.
кс. Валерый Марціноўскі